Лідара вядомага гурта “Стары Ольса” Змітра Сасноўскага пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Пра гэта паведамляе ягоная калега Марыя Шарый.
Фота: budzma.by
Музыка ў пятніцу, 13 лістапада, удзельнічаў у акцыі салідарнасці з забітым жыхаром сталічнай Плошчы Пераменаў Раманам Бандарэнкам. “Ланцуг салідарнасці”, на якім затрымалі вядомага музыку, праходзіў у горадзе Клецку. Зміцер Сасноўскі правёў выходныя ў Клецкім РАУС, а не ў ІЧУ Нясвіжа, як пра тое запусцілася памылковая інфармацыя. Умовы ўтрымання, паводле словаў сябраў Змітра Сасноўскага, былі “жахлівымі”. Затрыманых цягам некалькіх сутак не кармілі.
Зміцер Сасноўскі — музыка, лідар гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", калекцыянер старадаўніх інструментаў, рэжысёр, навуковец. Нарадзіўся ў Гомелі. У маладосці паехаў у Латвію, дзе вучыўся граць на гуслях у майстра старадаўніх інструментаў.
Адна з апошніх прац Змітра Сасноўскага — кліп “Штурм замка Пулен”. Гэтую песню “Стары Ольса” прысвячае мужнаму менчуку Раману Бандарэнку. У апісанні да відэа гаворыцца пра подзвіг нашых продкаў:
“У 1336 годзе адбылася гераічная абарона замка Пулен, што на мяжы з Прусіяй, супраць Тэўтонскага ордэна. Жыхары і абаронцы замка палічылі за лепшае загінуць і страціць усё, чым патрапіць у палон, жыць рабамі і аддаць сваіх дзяцей на выхаванне крыжакам”
Флагшток