Два дні запар у пачатку студзеня па даносах жыхара Мазыра «сілавікі» арыштоўвалі людзей, здзекваліся з іх і запісвалі гэта на відэа.
Юрый Комар у Польшчы (фота: сацсеткі Комара)
Як высветліла Наша Ніва, імя мужчыны Юрый Комар, яму 41 год і ён мае мазырскую прапіску. Мужчына працуе дальнабойнікам, мае ІП па перавозках.
Яшчэ пару гадоў таму Комар не грэбаваў адпачынкам у «загніваючай» Еўропе і нават ва Украіне: у ягоных сацсетках безліч фота з пляжаў і з відамі некаторых еўрапейскіх краін.
Комар з былой жонкай і сынам у Кірылаўцы Запарожскай вобласці (часова акупаваная РФ) летам 2018 года (фота: сацсеткі Комара)
Напрыканцы лістапада 2022 года ён адкрыў у сабе «талент» і ажывіў свой канал на ютубе. Сутнасць ролікаў у тым, што Комар уваходзіць у чат-рулетку, не пакідаючы свайго аўто, шукае там людзей, якія не любяць уладу ў Беларусі і падтрымліваюць Украіну, правакуе іх на рэзкія выказванні, прыкідваючыся ўкраінцам, а пасля выкладае гэта ў сеціва.
Комар падчас правакацыі ў чат-рулетцы
Грамадзяне, затрыманыя пасля размовы з Комарам (кадры з відэа «сілавікоў»)
Ютуб Комара не цікавы гледачам: нягледзячы на піяр праўладных каналаў, ягонае самае папулярнае відэа набрала толькі 4 тысячы праглядаў. Але цікавы сілавікам, якія затрымалі пасля відэа Комара не менш за чацвярых беларусаў. Аднаго з іх збілі пры затрыманні, а з астатніх проста паздзекаваліся — і на ўсіх завялі крымінальныя справы.