У Гомельскім абласным судзе 9 жніўня пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай жыхаркі Мазыра Ганны Пышнік. Маладую жанчыну, якая мае непаўнагадовую дачку, затрымалі 22 сакавіка нібыта за перадачу відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі ў адзін з тэлеграм-каналаў. За здымкі расійскіх верталётаў жанчыне пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкаму фарміраванню). Да суда Ганна ўтрымліваецца ў следчым ізалятары №3 у Гомелі. Суд пройдзе ў адкрытым рэжыме, паведамляе «Палеская вясна».
Па тым жа артыкуле асудзілі 18-гадовага Паўла Піскуна — хлопца абвінавацілі ў тым, што ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў відэа ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. За гэта яму прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. «Наша ніва» даведалася больш пра гэтага хлопца. Павел — з Мазыра, а вучыўся ў Нараўлянскім прафесійным ліцэі. Яму заставалася літаральна 3-4 месяцы да выпуску. Ягоным хобі быў спорт. Хлопец з дзяцінства займаўся рознымі відамі спорту: вольнай барацьбой, грэбляй. Год адвучыўся ў школе алімпійскага рэзерву. У ліцэі добра сябе зарэкамендаваў, меў сярэднюю адзнаку звыш 8 балаў.
Калі Паўла затрымалі, ён быў яшчэ непаўнагадовым. На судзе, кажуць знаёмыя, хлопец трымаўся ветліва і мужна. У апошнім слове папрасіў прабачэння ў сямʼі, сказаў, што не хацеў нікому нанесці шкоды.
Як паведамляў Флагшток, новае затрыманне па тым жа артыкуле адбылося ў Гомелі — на 60-гадовага Аляксандра Іванова напалі сілавікі на лесвічнай пляцоўцы, пасля чаго ў кватэры правялі ператрус, а мужчыну пасля допыту адправілі за краты. Ён працуе прадстаўніком IBA-Гомель, якая уваходзіць у склад міжнароднага холдынгу IBA Group, найбуйнейшага пастаўшчыка ІТ-паслуг у краінах сусветнай супольнасці.
8 жніўня стала вядома аб новым затрыманні ў Хойніках. ГУБАЗіК апублікаваў відэа, на якім адлюстравана, як амапаўцы на вуліцы накінуліся на маладога мужчыну і зацягнулі яго ў бус. «Віна» Аляксандра ў тым, што ён паведамляў пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі і дасылаў фота ў ТГ-каналы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».
«У мяне знаёмыя ў розных гарадах Украіны, простыя людзі. Для мяне гэтая вайна стала шокам, я цяжка перажываў, кепска спаў, хацеў хоць неяк дапамагчы людзям. Думаў, што з імі будзе, ці дажывуць яны да заўтра», - патлумачыў Аляксандр на «пакаянным відэа», якое яго прымусілі запісаць.