Флагшток працягвае фіксаваць палітычныя рэпрэсіі на Гомельшчыне — публікуем агляд апошніх затрыманняў і судоў па стане на 17 кастрычніка.
З паведамлення праўладнага ТГ-канала стала вядома пра затрыманне ў Хойніках 55-гадовага блогера, які працуе электраманцёрам. Яму інкрымінуюць «распальванне варожасці» за негатыўныя выказванні аб «братэрскім рускім народзе», а таксама за меркаванні (з ужываннем абразлівага слова, якое шырока ўжываюць і праўладныя блогеры) аб тым, што ў фальсіфікацыі выбараў вінаватыя настаўнікі і лекары, а ў рэпрэсіях — суддзі і пракуроры.
У Гомельскім абласным судзе працягваецца разгляд справы супраць былога настаўніка матэматыкі, лейтэнанта ў адстаўцы і пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС Валянціна Федарэнкі, піша «Гомельская вясна». Ён абвінавачаны ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Як высветліліся, 62-гадовы жыхар пасёлка Бальшавік 24 і 25 сакавіка адаслаў 2 СМС на тэлеканал «Белсат»: «З Гомеля ўзлятаюць ваенныя самалёты». Ён іх бачыў з акна свайго дома. 13 траўня мужчыну затрымалі па падазрэнні ў перадачы дадзеных «экстрэмісцкаму тэлеканалу «Белсат».
Паводле абвінавачвання, мужчына «накіроўваў інфармацыю аб маршруце палёту ваенізаваных лятальных апаратаў невызначанай дзяржавы, бо хацеў, «каб узнавіўся мір ва Украіне».
Тым часам, затрымліваць хрысціяніна са Светлагорска сілавікі прыйшлі наўпрост на нядзельнае набажэнства. Як стала вядома «Гомельскай вясне», 9 кастрычніка міліцыя прыйшла ў царкву хрысціян веры евангельскай (пяцідзясятнікаў) у Светлагорску. Яны шукалі верніка Яўгена. Мужчыну затрымалі і пазней далі штраф.
Ілля Міронаў
Таксама выданне паведамляе, што вядомага гомельскага валанцёра Іллю Міронава пачнуць судзіць 24 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна. Спачатку Іллю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («распальванне варажнечы»), але ў працэсе следства абвінавачанне замянілі на артыкул 369-1 («дыскрэдытацыя РБ»). Ілля Міронаў — гомельскі валанцёр, які выражаў сваю салідарнасць з палітвязнямі, дасылаючы ім за краты лісты падтрымкі. Такіх лістоў ён напісаў больш за 2,5 тысячы. Але ў верасні 2021 года Ілля сам трапіў за краты. Падставай для затрымання стаў допіс адносна загінулага супрацоўніка КДБ у Мінску.
Толькі цяпер праваабаронцам стала вядома, што яшчэ 10 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма асудзілі палітвязня Яўгена Галіча. Згодна з рашэннем суддзі Віктара Казачка, мужчына таксама мусіць выплаціць 5,5 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым. Ягоны мабільны тэлефон быў канфіскаваны. 7 кастрычніка Гомельскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Галіча.
Яўген Галіч
Згодна з абвінавачаннем, Яўген распаўсюджваў у інтэрнеце «заведама непраўдзівыя дадзеныя і паклёп» на начальніка ДАІ, кіраўнікоў гомельскага АМАПу і супрацоўніцу Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога — у справе было шасцёра пацярпелых.
Распаўсюд палягаў у тым, што Галіч пераслаў у прыватным паведамленні два чужыя артыкулы, дапісаўшы ад сябе «Можам паўтарыць». У судзе гэта палічылі заклікам да масавых акцый.
Малюнак Мікіты Слепянка
Палітзняволены гомелец Мікіта Слепянок малюе і дапамагае іншым вязням. Пра гэта ён напісаў у лісце сваёй дзяўчыне, а таксама даслаў адзін са сваіх малюнкаў, які апублікавала «Гомельская вясна». Мікіта паведаміў, што пасылкі з рэчамі для яго ўжо не прымаюць, перадачы і грошы ў СІЗА даходзяць, а лістоў яму амаль не перадаюць. Зараз Мікіта ў СІЗА № 3 у Гомелі, чакае на апеляцыйны суд, а яшчэ дапамагае іншым вязням пісаць лісты.