«Марш Годнасці» ў Гомелі быў зноў сарваны міліцыянтамі

| Палітыка

Яшчэ за паўгадзіны да пачатку акцыі, якая, згодна паведамленням шэрагу тэлеграм-каналаў, мелася стартаваць а 14-й гадзіне ў раёне плошчы Леніна, на цэнтральных плошчах і вуліцах Гомеля назіралася падвышаная канцэнтрацыя міліцыянтаў. Прама па цэнтры плошчы быў прыпаркаваны аўтазак. Па Савецкай курсавалі некалькі мікрааўтобусаў з танаванымі шыбамі, якія перыядычна спыняліся каля груп грамадзянаў. 


На некаторых вуліцах, прылеглых да Савецкай, былі выстаўленыя кардоны міліцыянтаў. Раз-пораз некаторых гамяльчанаў спынялі для праверкі дакументаў.

На пляцоўцы ля “Белтэлекама”, каля скандальнага флагштока, былі выстаўленыя ажно два кардоны сілавікоў.



Прыблізна ў 14.30 у скверы імя Кірыла Тураўскага сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, якія мірна сядзелі на лавах і не выяўлялі прыкмет удзелу ў акцыі. Нягледзячы на гэта, міліцыянты адвольна перапісвалі пашпартныя дадзеныя ў некаторых грамадзянаў.


Асаблівую ўвагу супрацоўнікаў прыцягвалі журналісты. “Ціхары” і міліцыянты ўвесь час сачылі за прадстаўнікамі прэсы. У нейкі момант двое афіцэраў міліцыі падышлі да карэспандэнта “Камсамольскай праўды” Паўла Міцкевіча, карэспандэнткі газеты “Народная Воля” Алены Бычковай і “БелаПАН” Алены Германовіч. Усе трое журналістаў мелі пры сабе пасведчанні і рэдакцыйныя заданні. Нягледзячы на законны характар дзейнасці, міліцыянты праз некаторы час затрымалі трох супрацоўнікаў СМІ на падставе “праверкі дакументаў”.


Цягам некалькіх гадзінаў у цэнтры Гомеля перамяшчаліся групы грамадзянаў з кветкамі ў руках і ў бел-чырвона-белым адзенні. Аднак арганізаваць калону, як тое было на піку пратэстовых акцый (у жніўні і ў верасні), не ўдалося. Сілавікі сарвалі планы на правядзенне мірнай акцыі прыхільнікаў пераменаў.


Флагшток

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.