Вядомая гомельская мастачка Марыся Тульжанкова знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 КК). Пра гэта стала вядома пасля наведвання гамяльчанкі адвакатам Сяргеем Красновым у ізалятары часовага ўтрымання.
Выпускніца Акадэміі мастацтваў (горад Уроцлаў, Польшча) адбывае 15-суткавы арышт праз удзел у мірнай акцыі пратэсту ў Гомелі. На яе зняволенне ўжо адрэавагала кіраўніцтва ВНУ, дзе вучылася гамяльчанка. А прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы правялі шэраг акцый салідарнасці з арыштаванай беларускай.
Паводле дадзеных адваката, як інфармуе сайт «Гомельская Вясна», Марыся Тульжанкова павінна выйсці на свабоду 29 кастрычніка.
Нагадаем, 12 кастрычніка вядомую ў Гомелі мастачку Марысю Тульжанкову даставілі ў абласную ўправу Следчага Камітэту нібыта на падставе заведзенай крымінальнай справы па арганізацыі масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 342 КК). У той жа дзень у кватэры гамяльчанкі быў праведзены ператрус з канфіскацыяй ноўтбука і мабільнага тэлефона.
У апошнія 5 гадоў Марыся Тульжанкова вучылася ў Акадэміі мастацтваў (г. Уроцлаў). Калі ў Беларусі распачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, яна вярнулася на радзіму. 28 жніўня дзяўчыну ўжо затрымлівалі міліцыянты ў 17-м мікрараёне за тое, што падчас акцыі яна трымала ў руках шарык.
15 кастрычніка Суд Цэнтральнага раёну (суддзя Алеся Восіпава) прысудзіў гомельскай мастачцы Марысі Тульжанковай 15 сутак арышту за ўдзел 30 жніўня ў акцыі пратэсту (арт. 23.34).
Флагшток