Мора людзей на мітынгу Ціханоўскай у Гомелі

| Палітыка

Напярэдадні мітынгу Святланы Ціханоўскай у Гомелі журналісты і палітычна актыўная публіка рабілі прагнозы адносна колькасці ўдзельнікаў. Песімісты гаварылі пра тое, што Гомель зганьбіцца ў вачах трыумвірату на фоне іншых гарадоў. Аптымісты пісалі пра 50 тысячаў чалавек. Рэальнасць аказалася іншай, але ад яе ўладам усё адно не лягчэй. 10 тысяч чалавек (па самых сціплых падліках), якія знаходзіліся ў адзін час на пляцоўцы каля «Глушак», — гэта адначасова надзея для прыхільнікаў пераменаў і прысуд тым, хто спрабуе загнаць джына народнай незадаволенасці ў бутэльку. 

Тое, што мітынг будзе маштабны, мы зразумелі, калі за 40 хвілінаў да афіцыйнага пачатку мерапрыемства, праязджаючы паўз індустрыяльную вуліцу Уладзімірава, ўбачылі некалькіх маладзёнаў. Хлопцы і дзяўчаты ў вышыванках шыбавалі ў бок цэнтра горада са згорнутым бел-чырвона-белым сцягам. Аўтамабілісты весела сігналілі юнакам у знак падтрымкі.


Ужо на падыходзе да вуліцы Юбілейнай з боку Савецкай стала зразумела, што прадчуванні вялікай падзеі нас не падманулі. З кожнага двара, з кожнай маленькай вулачкі, у бок месца мітынгу ішлі ручаі людзей, якія каля спартовага манежу пераўтварыліся раптам у шырокую раку. Зрэшты, гэтая людская плынь, як вядзецца ў Беларусі, працягвала заставацца законапаслухмянай. На пешаходным пераходзе праз Юбілейную натоўп спыняўся па патрабаванні рэгуліроўшчыка. На самой пляцоўцы каля ДК за 15 хвілін да пачатку акцыі ўжо сабраліся некалькі тысяч чалавек. І людзі ўсё працягвалі падыходзіць.

Каля сцэны, абазначанай агараджальнай стужкай, гуртаваліся журналісты, якія марна спрабавалі адправіць фота– і відэавыявы ў свае рэдакцыі.  «У цябе таксама няма сувязі? У мяне дык увогуле сыходзячыя з двух розных мабільных аператараў не працуюць», —абмяркоўвалі камунікацыйны калапс прадстаўнікі прэсы. Потым, кінуўшы дурное, журналісты сталі рабіць сэлфі на фоне маштабнага мітынгу, якога ніколі за сваю гісторыю не бачыла Юбілейка.

Раз-пораз да ўдзельнікаў акцыі даходзілі чуткі пра перамяшчэнні АМАП-у, які чамусьці ў Гомелі падвезлі на ружовым аўтобусе.  «А што, лагічна: дзевачкі ж у Гомель прыехалі, таму і на ружовенькім», — рагаталі ў натоўпе.

Валанцёры, якія забяспечвалі ахову на мітынгу, падзяліліся інфармацыяй пра сітуацыю. «Акрамя некалькіх таварышаў пад градусам, ніякіх надзвычайных здарэнняў, дзякуй Богу, не было. Гаварылі, што нехта хацеў падбухторыць народ на тое, каб перакрыць вуліцу. Але ніхто на гэта не павёўся. Народ у нас вельмі разумны і асцярожны», —распавёў адзін з добраахвотнікаў.

Тым часам на сцэне, пад ухвальныя крыкі прыхільнікаў, з’явілася Святлана Ціханоўская. У сваёй прамове яна распавяла пра дэталі біяграфіі мужа, а таксама пра свой вымушаны шлях у палітыку. Калі кандыдатка ў прэзідэнты распавяла пра перапіску са сваім малагадовым сынам, якога ў мэтах бяспекі вывезлі за мяжу, не вытрымалі нават суворыя гомельскія мужчыны. У першым шэрагу ля сцэны, не саромеючыся, выціралі слёзы рукавамі гамельчукі. «Света, мы з табой! Малайчына!», — перарывалі шматразова выступ кандыдаткі галасы з плошчы. А Святлана без какецтва распавядала грамадзянам пра тое, што яна не хоча быць прэзідэнтам, а з радасцю прамяняла б гэтую долю на мінулае шчаслівай хатняй гаспадыні. «У мяне няма праграмы змянення Беларусі. Але яна ёсць у мужчын, якія не былі дапушчаныя да перадвыбарнай гонкі. Мне не патрэбная ўлада. Я хачу дзяцей, мужа і далей хачу смажыць свае катлеты», — людзі з авацыямі сустрэлі гэтыя словы. Агулам шчыры і эмацыйны выступ Святланы Ціханоўскай пакінуў моцнае ўражанне.

Падчас размовы з гомельцамі, якія прыйшлі на мітынг, гучалі цвярозыя выказванні пра тое, што краіне жыццёва неабходныя сумленныя выбары. Інакш ў бліжэйшую пяцігодку ўсіх накрые медным тазам усеагульная дэпрэсія, а моладзь раз’едзецца па глобусе. «Мне 28 гадоў, з іх 26 прайшло пад кіраўніцтвам Рыгорыча. Вядома, хацелася б, каб нешта новае было. Мы за перамены. І мы не хочам нікуды з’язджаць», — дзеліцца сваім меркаваннем дзяўчына.


Мужчына сярэдняга веку з татуіроўкай з нацыянальным каларытам распавёў, што яго вельмі ўзрадавала актыўнасць гараджанаў, але пры гэтым ён не стаў хаваць песімізм: «Гэта ўсё людзі, якія прыйшлі на легальную акцыю. А што будзе, калі будзе сілавое супрацьстаянне? Вядома, трэба мяняць як мага хутчэй сітуацыю. Застаецца верыць у цуд». 


Над морам людзей лунаў з дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў, адзін дзяржаўны штандар і самотнае палотнішча БССР. Дыспрапорцыя сімвалаў у гомельскім паветры як бы дэманструе настроі ў беларускім грамадстве, якое бачыць перамены пад нацыянальнай сімволікай.

 

Мікола Бянько  

Флагшток


 

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.