Гомельскага грамадскага актывіста Васілія Палякова, раней асуджанага на 15 сутак арышту, не выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання. Тэрмін арышту завяршаўся напярэдадні прылёту ў Гомель дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. А затрымалі Васіля Палякова 1 лістапада — напярэдадні меркаванага візіту Лукашэнкі. Паводле інфармацыі Флагштока, яго чакалі ў Гомелі 3 лістапада, і перад гэтым спешна фарбавалі фасады і ладзілі добраўпарадкаванне вуліц у Навабеліцкім раёне.
Як паведамляе «Гомельская вясна», цяпер суд зноў прызначыў Палякову 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля таго, як актывіста асудзілі паўторна, ён абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць беспадстаўнага палітычнага пераследу.
Васіль Палякоў. Фота: svaboda.org
Таксама ў Мазыры напярэдадні прыезду Лукашэнкі на Гомельшчыну быў затрыманы праваабаронца Уладзімір Целяпун — яго змясцілі ў ІЧУ. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя, але крыніца распавяла «Гомельскай Вясне», што мужчына планаваў ісці на прыём да суддзі Канстытуцыйнага суду ў Мазырскім выканкаме. Аднак на сустрэчы так і не з'явіўся і на сувязь не выйшаў.
Уладзімір — ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мазырскі праваабаронца, які неаднаразова спазнаваў пераслед з боку сілавікоў.