Амаль 205 тысяч беларусаў выказалі сваю нязгоду з арыштам і крымінальным пераследам патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах Віктара Бабарыкі. Грамадзяне падпісваюцца пад петыцыяй "Патрабуем вызваліць Віктара Бабарыку" на платформе change.org у спадзеве на тое, што фаварыт выбарчай гонкі будзе выпушчаны на волю.
Фота: БелаПАН
Падпісанты патрабуюць выпусціць з-пад варты прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, а таксама спыніць пераслед у дачыненні членаў яго сям’і, сяброў, былых калег і ўдзельнікаў ініцыятыўных груп. “Затрыманне Віктара Бабарыкі з’яўляецца грубым парушэннем чалавечых правоў у дачыненні да самаго Віктара Бабарыкі, а таксама грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць аддаць свой голас за яго на выбарах 2020 года”, –зазначаюць аўтары петыцыі.
Петыцыя на замежнай платформе change.org не адпавядае патрабаванням беларускага заканадаўства, таму дзяржаўныя органы не абавязаныя даваць на яе адказ. Разам з тым, яна дае магчымасць прадэманстраваць салідарнасць з палітзняволеным, а таксама паказаць, што прыхільнікаў пераменаў у Беларускім грамадстве вельмі шмат.
Паралельна са зборам подпісаў на change.org запушчаны іншы зварот на айчынным рэсурсе “Зручны горад”. На гэтую калектыўную петыцыю ўлады абавязаныя будуць адказаць ва ўсталяваныя законам тэрміны. На дадзены момант тут за вызваленне Віктара Бабарыкі падпісаліся каля 8 тысяч грамадзянаў Беларусі. У звароце пералічаны шэраг канстытуцыйных правоў, якія парушылі ўлады, арыштаваўшы Віктара Бабарыку.
Флагшток