Стала вядома пра тры новыя выпадкі рэпрэсій у дачыненні да ўраджэнцаў Гомельскай вобласці: затрымалі Дзмітрыя Шабетніка, Аксану Аўчынскую, а ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама знаходзіцца Сяргей Гунь — ён абвясціў сухую галадоўку.
Сына знанага рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка, які нядаўна памёр пасля каронавірусу, затрымалі ў Мінску. Гэта здарылася 9 чэрвеня, паведамляе «Палеская вясна». Дзмітрыя Шабетніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі з прымяненнем гвалту.
Некалькі дзён сваякі нічога не ведалі пра ягоны лёс і толькі ў панядзелак стала вядома, што Дзмітрыя падазраюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Ён утрымліваецца ў следчай турме №8 у Жодзіна. Пакуль невядома, якія дзеянні Дзмітрыя паслужылі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Сяргей Гунь
У той жа дзень праваабаронцам стала вядома, што ураджэнец Гомеля, палітзняволены Сяргей Гунь абвясціў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго зняволення. Сяргея утрымліваюць у ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама. Сілавікі затрымалі яго 3 чэрвеня на лецішчы пад Мінскам паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), піша «Вясна».
Раней мужчыну некалькі разоў затрымлівалі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а ў кастрычніку 2020 года моцна збілі. Тады Сяргей ехаў на аўтамабілі па Мінску і, калі на прыпынку заўважыў супрацоўнікаў у форме, пачаў здымаць іх на відэа. Яго аўтамабіль неўзабаве спынілі, разбілі вакно, выцягнулі яго з салона і моцна збілі.
Сяргей Гунь нарадзіўся ў Гомелі, скончыў каледж музычнага мастацтва, стварыў праект Vypusknik.by, івент-агенцтва «Krona». Але пасля 2020 года пераехаў жыць у вёску, дзе займаўся сельскай гаспадаркай, пакуль яго не затрымалі. Мае 3-гадовага сына.
Раней стала вядома, што жыхарку Мазыра затрымалі за перадачу інфармацыі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам. 23-гадовая Аксана Аўчынская на «пакаяльным відэа» гаворыць, што даслала інфармацыю аб перасоўванні расійскіх вайскоўцаў ТГ-каналу «Беларускі Гаюн». Супраць дзяўчыны распачата крымінальная справа.