Рыхтаваў дыверсію на чыгунцы, хацеў ваяваць за Украіну, напісаў каментар у сацсетцы: хроніка рэпрэсій на Гомельшчыне

| Палітыка

Пракуратура Гомельскай вобласці 26 верасня паведаміла аб тым, што накіравала ў суд чарговую крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара, які хацеў ваяваць за Украіну. Паводле абвінавачвання, 46-гадовы мужчына з лютага па ліпень 2022 года «з выкарыстаннем розных інфармацыйных рэсурсаў сабраў інфармацыю аб парадку і спосабе ўступлення ў фарміраванне, якое ўваходзіць у склад Узброеных Сіл Украіны». Пасля чаго накіраваўся на беларуска-ўкраінскую мяжу для яе незаконнага перасячэння і прыбыцця на месца дыслакацыі воінскага падраздзялення.

Нагадаем, па аналагічным абвінавачванні ў Гомелі асудзілі жыхара Магілёва да 2,5 года зняволення.


Хроніку апошніх затрыманняў і рэпрэсій апублікавала «Гомельская вясна». 22 верасня адбыўся суд па адміністратыўнай справе над Мікітам Карпенкам. Хлопца асудзілі на 15 сутак паводле артыкула 19.11 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд інфармацыі з заклікам да экстрэмісцкай дзейнасці). Мікіта – праграміст. Раней у пабліку, які мае дачыненне да сілавікоў, з'явілася відэа, на якім Мікіта Карпенка распавядае, што быў падпісаны на суполкі «У Кантакце», якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» і, акрамя таго, у адной з іх пакінуў нейкі абразлівы каментар.

Палітвязня Яўгена Віславуха з Мазыра асудзілі на 3,5 гады пазбаўлення волі і 4,2 тыс. рублёў штрафу па «справе Зельцара». Працэс вёў суддзя Гомельскага абласнога суду Анатоль Сотнікаў.

Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў суд справу ў дачыненні да двух «рэйкавых партызан» з Мазыра. 34-гадоваму Сяргею Плешкуну прадʼявілі абвінавачванне па сямі артыкулах (ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295-3 КК (падрыхтоўка кактэляў Молатава для выкарыстання па змове), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове) ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 КК (падрыхтоўка да наўмыснага прывядзення ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў паведамлення з мэтай здзейсніць акт тэрарызму).

45-гадоваму Юрыю Сельвічу – па чатырох артыкулах. Як мяркуе следства, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе яны выходзілі на дарогу з БЧБ-сцягам і блакавалі транспарт на цэнтральных вуліцах Менску. У матэрыялах справы таксама сцвярджаецца, што са жніўня 2020 года па люты 2022 года Плешкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава». Іх яны нібыта захоўвалі з мэтай «наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акту тэрарызму».



Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч


Таксама Сяргея Плешкуна абвінавачваюць у тым, што ён адправіў тэлеграм-каналу, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, відэа перамяшчэння вайсковай тэхнікі. Сцвярджаецца, што пазней мужчына намаляваў на плоце і дарожным знаку «цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы».

Ёсць і добрыя навіны: выйшлі на волю палітвязні Таццяна Ласіца і Мікалай Ісаенка. Праваабаронца, валанцёрка гомельскай філіі «Вясны» Таццяна Ласіца была затрыманая 21 студзеня 2021 года. Яна праходзіла па адной справе са сваімі калегамі Леанідам Судаленкам і Марыяй Тарасенка. Па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі Ласіцы прысудзілі 2,5 гады калоніі. Мікалая Ісаенку затрымалі ў чэрвені 2021 года па тым жа 342-м артыкуле, але гэта было не першае затрыманне палітвязня: у жніўні 2020 года пасля пратэстаў Ісаенка быў моцна збіты і правёў 2 тыдні ў бальніцы з ЧМТ. 6 жніўня 2021 года мужчыну прысудзілі паўтара года пазбаўлення волі за «удзел у пратэстах».

Печатный орган Гомельского облисполкома захотел запретить обращения граждан из-за границы

| Палітыка | 0

Редакция «Гомельской правды» возмутилась иском, который подал гомельский правозащитник Леонид Судаленко против газеты. Пропагандисты считают, что право обращаться к госорганам должно быть не у всех.