Гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, верагодна, пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання на дадатковыя 14 сутак. Пра гэта паведамляюць шэраг інстаграм-акаўнтаў, на якіх размяшчаецца кантэнт ютуб-канала “Страна для жизни”. Дадзеную інфармацыю пацвердзіў таксама гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка са спасылкай на словы жонкі Ціханоўскага Святланы.
На старонцы берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна ў мінулыя суткі публікаваўся допіс, з якога вынікае, што “Ціханоўскага кідаюць з камеры ў камеру, дзе ўтрымліваюцца зняволеныя з рознымі хваробамі і вірусамі.” Адпаведна, здароўю заснавальніка ютуб-канала “Страна для жизни” можа пагражаць небяспека.
Нагадаем, Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы праваахоўнікамі 6 мая ў Магілёве і дастаўлены для адбывання пакарання ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання. Яго пакаралі за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі, якія адбываліся ў канцы 2019 года. Ужо знаходзячыся ў ізалятары, ён заявіў пра свой намер аб вылучэнні кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах. Калі на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі па прычыне “парушэння парадку падачы дакументаў”, то замест Сяргея Ціханоўскага заяву на рэгістрацыю нечакана падала ягоная жонка Святлана.
Флагшток