Гомельскі абласны суд 1 верасня асудзіў 31-гадовага digital-мастака Віктара Кулінку да 3 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-4 КК). Гомельскаму мастаку інкрымініравалі перасылку фотаздымка калоны расейскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», паведамляе «Гомельская вясна». Затрымалі Віктара 30 сакавіка. Іншыя падрабязнасці справы невядомыя.
Віктар Кулінка (фота: facebook.com)
Віктар Кулінка — адзін са стваральнікаў знакамітага мурала з выбітным гомельскім архітэктарам Станіславам Шабунеўскім, рэпрэсаваным савецкай уладай. Віктар, які цяпер сам пацярпеў ад сучасных рэпрэсій, дапамагаў ствараць ілюстрацыю і распрацаваў кампазіцыю партрэта Шабунеўскага, які з'явіўся ў 2013 годзе на вуліцы Кірава.
Мурал Станіславу Шабунеўскаму на вул. Кірава (nashkraj.info)