Гамяльчанка Святлана Нарскіна правяла трое сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Па выхадзе на волю яе аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 25 жніўня. Рашэнне вынес суддзя Цэнтральнага райсуда Сяргей Салоўскі.
Святлана Нарскіна гаворыць, што міліцыянты адправілі яе на суткі падманным чынам:
– Мяне падманулі, сказалі, каб я прыйшла паставіць подпіс на пратаколе, як гэта было раней. А потым сталі афармляць пратакол затрымання. І тады я зразумела, што мяне вязуць у ІЧУ. Я спалохалася, у мяне падскочыў артэрыяльны ціск.
Святлана Нарскіна па выхадзе з судовай залы распавяла журналістам, што не лічыць сябе вінаватай і не з’яўляецца злоснай правапарушальніцай. Сваё змяшчэнне ў ізалятар яна лічыць здзекам.
– Для мяне здзекам з’яўлялася ўжо тое, што мяне прымусілі зняць сукенку. Для мяне здзекам было тое, што сказалі “адвярніся да сценкі, рукі пакладзі на сцяну”. Гэта абражае маю чалавечую годнасць. Я не задаволеная прызначэннем штрафу, бо гуляць там, дзе я хачу, і збірацца з сябрамі, — гэта маё канстытуцыйнае права. Таксама я ведаю, што маю права выказаць свой пратэст. І гэта глупства проста, калі трэба прасіць дазволу ва ўладаў на тое, ці можна іх крытыкаваць.
Флагшток