«Сын паміраў у канвульсіях, а міліцыянты здымалі гэта на тэлефон». Нестыкоўкі ў праверцы смерці Аляксандра Віхора

| Палітыка

АМАП затрымаў 25-гадовага Аляксандра Віхора ўвечары 9 жніўня падчас паслявыбарчых пратэстаў ў Гомелі. 12 жніўня хлопец памёр у рэанімацыі. Следчы камітэт правёў праверку і прыйшоў да высновы, што ў смерці маладога чалавека ніхто не вінаваты. Ці так гэта насамрэч? Радыё Свабода разбиралася з маці Аляксандра Святланай Віхор, якая вывучыла 6 тамоў ягонай справы.

Сведкі давалі паказанні, што Аляксандру было блага ад моманту затрымання, ён прасіў аб дапамозе. Але ў адказ атрымліваў ад сілавікоў шматлікія ўдары. Прасілі дапамагчы хлопцу і іншыя затрыманыя, але ніхто не рэагаваў. Пры чарговым пагаршэнні ягонага стану міліцыянты запырскалі Аляксандра пярцовым газам.

Урэшце ў лютым Следчы камітэт пастанавіў адмовіць у распачынанні крымінальнай справы.

Маці Аляксандра Святлане Віхор далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Але не дазволілі здымаць, рабіць копіі. Яна перапісвала шэсць тамоў справы ад рукі цягам месяца.


Святлана Віхор на пахаванні сына 

Што стала вядома па выніках афіцыйнага расследавання

  • Афіцыйная версія: «У Віхора востра ўзнікла парушэнне сардэчнага рытму».
  • «Выяўленыя ў Віхора цялесныя пашкоджанні, а таксама недахопы ў аказанні мэдычнай дапамогі ў прычынна-выніковай сувязі не знаходзяцца».
  • «Дзеянні службовых асоб, якія дапусцілі парушэнні нарматыўна-прававых актаў і службовых інструкцый, з'яўляюцца дысцыплінарнымі ўчынкамі, за здзяйсненне якіх вінаватыя прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці».
  • Экспэртыза паказала, што ні алкаголю, ні наркотыкаў у крыві Аляксандра не было.
  • Эксперты зафіксавалі на целе пашкоджанні — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але напісалі, што траўмы і пераломы не маюць дачынення да прычын смерці.
  • Начальнік упраўлення Следчага камітэту Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў заявіў дзяржаўным СМІ, што «ён (Віхор. — РС) спрабаваў вырывацца, таму супрацоўнікі міліцыі на законных падставах прымянілі фізічную сілу», і «ён скаргаў на здароўе не выказваў».
  • Святлана Віхор: «Усё шыта белымі ніткамі», паміж паказаннямі сведак, міліцыянтаў і лекараў — шмат разыходжанняў, дзевяць сведак кажуць адно, а адзін супрацоўнік міліцыі — другое, і следства верыць апошняму.
  • Далейшая інфармацыя ў гэтым артыкуле базуецца на матэрыялах праверкі Следчага камітэту, якімі падзялілася са Свабодай Святлана Віхор.


Неадпаведнасць № 1. «Ён наркаман, у яго ломка»

Смерць Аляксандра Віхора пасля затрымання супрацоўнікамі АМАП атрымала вялікі розгалас.

Яшчэ 12 жніўня СК па Гомельскай вобласці заявіў, што паводле папярэдняй праверкі міліцыя затрымала Віхора за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, за што пасля яго асудзілі на 10 сутак арышту.

«Ён не ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёння мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу», — распавядала ў той дзень Свабодзе Святлана Віхор.

Папярэдне следчыя ўстанавілі, што яго затрымала міліцыя за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі,

У першыя дні пасля смерці следчы заявіў родным Аляксандра: «Дык ён быў пад наркотыкамі». Гэтую непраўдзівую інфармацыю працягвалі тыражаваць міліцыянты. Нават пры затрыманнях гамельчукоў у кастрычніку-лістападзе сілавікі працягвалі казаць, што Віхор «жа быў наркаман».

Але афіцыйная экспэртыза не знайшла ў крыві памерлага ані наркотыкаў, ані алкаголю.

Святлана Віхор азнаёмілася з матэрыяламі праверкі і даведалася, што міліцыянты, якія канваявалі яе сына Аляксандра, не далі мэдыкам аб’ектыўнай інфармацыі пра стан яе сына.

Калі Аляксандра прывезлі ў СІЗА, міліцыянты паведамілі лекару ізалятара, што кепскі стан маладога чалавека абумоўлены тым, што ён «пад наркотыкамі». Гэта паўплывала на несвоечасовасць мэдычнай дапамогі.

Калі Аляксандра прывезлі ў псыхіятрычны шпіталь у ноч з 11 на 12 жніўня, то супрацоўнікі міліцыі таксама паведамілі лекару, што ён «пад наркотыкамі». Калі Аляксандру зрабілася яшчэ горш, ён фактычна паміраў, міліцыянты нарэшце выклікалі «хуткую» і паведамілі праз тэлефон пра Віхора: «Вкусняшек наелся», імаверна, маючы на ўвазе наркатычнае атручэнне.

У Следчым камітэце апытвалі супрацоўнікаў «хуткай», якія прыехалі на выклік. Яны пацвердзілі, што міліцыянты паведамілі ім пра наркатычнае атручэнне.

«Больш за тое, супрацоўнікі міліцыі ўвогуле адмаўляліся адказваць мэдыкам, што папярэднічала пагаршэнню стану Сашы. То бок мой сын паміраў на вачах міліцыянтаў, а яны не паведамлялі інфармацыю мэдыкам і хлусілі пра наркотыкі», — кажа маці.


Неадпаведнасць № 2. «Яго ніхто не біў»

У праверцы СК зафіксавана: сведкі далі паказанні, што да Аляксандра Віхора прымянялі фізычную сілу ад моманту затрымання.

Супрацоўнік АМАП пры затрыманні прыціснуў маладога чалавека нагой да асфальту, пры гэтым наступіў нагой на шыю. Пасля гэтага Аляксандар быў моцна напалоханы, «у ягоных вачах быў жах». Калі затрыманага прывезлі ў ІЧУ, яму зрабілася блага, яго ванітавала ўначы, «твар раніцай быў чырвоны», — расказвалі сведкі. Але дапамогі ніхто не аказваў, хоць яе прасіў і сам Аляксандар, і іншыя затрыманыя.

Калі затрыманых везлі ў Чыгуначны РАУС Гомеля, Віхор трызніў, размаўляў з людзмі, якіх не было побач. У спартыўнай залі Чыгуначнага РАУС хлопцу зрабілася горш — ён быў дэзарыентаваны ў месцы і прасторы, клікаў на дапамогу. Затрыманыя прасілі выклікаць Аляксандру хуткую, але замест гэтага яго чарговы раз збілі, і ён замаўчаў. На «пераклічцы» ён ужо не адгукаўся на сваё прозвішча. Іншыя затрыманыя сказалі: «Гэта той хлопец, якому было блага».

Калі Віхора вывелі з іншымі затрыманымі ва ўнутраны дворык міліцыі, каб везці ў СІЗА, Аляксандру не хапала паветра, ён задыхаўся і вырваўся са службовага аўтамабіля. Па паказаннях сведак, яго перавялі ў іншы, пусты аўтамабіль і там збівалі «так, што было чуваць, як цела б’ецца аб аўтамабіль». Адзін з амапаўцаў сказаў іншым: «Хто хоча адарвацца — ваш кліент».

Калі Аляксандра Віхора везлі ў СІЗА, у яго пачалося трызненне, ён клікаў маці, тату, бабулю, прасіў дапамогі, расказвалі сведкі ў сваіх паказаннях Следчаму камітэту. Тады супрацоўнік міліцыі, які канваяваў яго, запырскаў Аляксандра пярцовым газам, — паведамілі следству сведкі.

Тэарэтычна следства магло вызначыць асобу міліцыянта, які пырскаў балончыкам. Адзін са сведак нават апазнаў гэтага чалавека. Але спачатку гэты сведка назваў яго маёрам, а потым — капітанам, таму ягоным сведчанням не далі веры. Іншы сведка сцвярджаў, што можа апазнаць міліцыянта. Але здымак яму не прад’явілі, бо пры праверцы міліцыянты адмовіліся даваць свае антрапалагічныя дадзеныя і здымкі — «маюць права».

Тым часам следства не здабыла доказаў, што Аляксандра білі супрацоўнікі міліцыі, бо тыя гэта адмаўлялі, а камеры назірання ў Чыгуначным РАУС чамусці не працавалі. Запіс з камэраў назірання з псіхіятрычнага шпіталя следства не запатрабавала.


Неадпаведнасць № 3. «Ён супраціўляўся»

Сведкі сцвярджаюць, і гэта відаць на відэа і здымках, што пры затрыманні ў цэнтры гораду Аляксандар Віхор не супраціўляўся. Ён сядзеў на асфальце, яго цягнулі амапаўцы.

Аляксандар быў у нядобрым стане, калі міліцыянты везлі яго ў псіхіятрычны шпіталь. Але нават у такім стане на яго надзелі кайданкі, бо «ён супраціўляўся». Мэдыкі псіхіятрычнага шпіталя зазначалі, што ў прыёмны пакой міліцыянты занеслі Аляксандра на руках.

У матэрыялах праверкі ёсць відэа, якое знялі самі міліцыянты. Маці яго бачыла.

«Гэта самае жахлівае відэа ў маім жыцці — бачыць, як памірае твой сын. Ён сядзеў у кайданках на бэтоннай падлозе, у яго былі сутаргі, канвульсіі... У яго вочы былі, як у сабачкі... Ён пазіраў на міліцыянтаў і думаў, што вакол яго — людзі, якія дапамогуць яму. Ён потым ляжаў на падлозе ў сутаргах, а яны здымалі відэа і суправаджалі яго здзеклівымі камэнтарамі», — кажа маці.

Святлана Віхор не разумее, як у такім стане яе сын мог супраціўляцца, для чаго яму надзелі кайданкі? У псіхіятрычным шпіталі ў Аляксандра быў ціск сорак на нуль, мэдыкі «хуткай» вызначылі, што ён у коме трэцяй ступені.

У праверцы ёсць даведка ад мэдікаў, што ў прыёмны пакой псіхіятрычнага шпіталя міліцыянты ўнеслі Аляксандра на руках. «Пра якое супраціўленне ідзе гаворка?» — пытаецца маці.

Момант затрымання Аляксандра Віхора

Неадпаведнасць № 4. «Мэдычную дапамогу аказалі несвоечасова»

Мэдыкаў не паклікалі па просбе Аляксандра Віхора і іншых затрыманых ані ў ІЧУ, ані ў міліцыі, ані ў судзе, ані ў СІЗА. «Калі яго прывезлі ў цяжкім стане ў псіхіятрычны шпіталь, міліцыянты 40 хвілін чакалі ў чарзе. Пры тым, што бачылі, як кепска затрыманаму», — зазначае маці, якая даведалася пра гэта з матэрыялаў праверкі СК.

Лекар адразу вызначыў, што Аляксандар Віхор — ніякі не наркаман, у яго кіслароднае галаданне. Лекар сказаў міліцыянтам, каб тэрмінова везлі затрыманага ў рэанімацыю, але яны адмовіліся.

«Яны сказалі, што іх службовы транспарт — не для гэтага. Пачалі выклікаць хуткую, якой міліцыянты паведамілі, што затрыманы „вкусняшек наелся“ — то бок у наркатычным атручэнні. А між тым ішоў час, калі Сашу яшчэ можна было выратаваць», — кажа маці.

Мэдыкі з хуткай вызначылі, што ў Аляксандра кома трэцяй ступені, і павезлі яго ў рэанімацыю сухотнага шпіталя — ён побач з псіхіятрычным. Але было позна.

«Міліцыянты сядзелі і проста назіралі, як паміраў мой сын. Цяпер напісалі, што няма прычынна-выніковай сувязі паміж збіццём і смерцю — проста яму рэзка стала блага, збіўся рытм сэрца. Але што гэтаму папярэднічала?» — задаецца пытаннем Святлана Віхор.


Пахаванне Аляксандра Віхора ў Касцюкоўцы

Маці паскардзілася ў пракуратуру

Маці Аляксандра Віхора ня згодная з пастановай аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы і накіравала скаргу ў пракуратуру Гомельскай вобласці.

«Лічу, што гэтае рашэнне паспешлівае і неабгрунтаванае, яно падлягае адмене. Згодна з пастановай аб адмове ў крымінальнай справе, смерць майго сына наступіла ў выніку працэсу хваробы, парушэння сардэчнага рытму, які востра ўзнік. Гэта выснова, якая грунтуецца на выніках экспэртызы. Пры гэтым па-за ўвагай асобаў, якія праводзілі праверку смерці майго сына, засталіся факты, якія маюць непасрэднае значэнне для правільнай ацэнкі дзеянняў усіх супрацоўнікаў міліцыі і мэдыкаў, якія на працягу трох дзён кантактавалі з маім сынам і не аказалі яму правільнай мэдычнай дапамогі і дапусцілі яго смерць», — напісала Святлана Віхор у скарзе.

«Сын верыў у людзей, у чалавечнасць, ён вельмі хацеў жыць, ён марыў, ён прыносіў карысць грамадзтву і блізкім людзям. І так з ім абышліся», — дадала маці.


Радыё Свабода

Предложили стать трактористом. Экс-сенатор и пропагандист из Рогачева не может найти работу и жалуется на госсистему

| Палітыка | 0

Бывший главный редактор районной газеты, экс-член райисполкома и Света Республики Андрей Шишкин хотел стать на биржу труда — с первого раза не получилось.

Обрабатывала молодежь, запрещала выставку из-за слова «шляхта»: чем отметилась Татьяна Кручко, которую назначили главным идеологом Гомельской области

| Палітыка | 0

Председателем комитета идеологической работы и по делам молодежи Гомельского облисполкома назначена Татьяна Кручко.

Теперь и у частников: на Гомельщине политинформацию стали проводить в коллективах частных предприятий

| Палітыка | 0

Так называемый Единый день информирования, который ежемесячно проводят в коллективах государственных организаций и предприятий, стали проводить и для частных структур.