У Гомельскім абласным судзе з доўгімі перапынкамі працягваецца суд над 54-гадовым Алегам Кацапавым, якога абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса «экстрэмісцкай» накіраванасці. Як піша «Вясна», судовы працэс пачаўся яшчэ 24 лістапада 2023 года і доўжыцца па сённяшні дзень.
Алега Кацапава абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ( ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Вядома, што Кацапава затрымалі па адміністрацыйнай справе 21 сакавіка 2023 года і абвінавацілі ў вырабе, распаўсюдзе ці захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле арт. 19.11 КаАП. Раней Алег займаўся грамадскай і культурніцкай дзейнасцю, некаторы час кіраваў гомельскай краязнаўчай арганізацыяй «Талака», як літаратар шмат друкаваўся ў часопісах і газетах.
Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Справу прызначаны разглядаць суддзя Сяргей Салоўскі, названы ў 2020 годзе «самым жорсткім суддзёй Гомельшчыны».
Алег Кацапаў — ужо чацвёрты зняволены «талаковец». За кратамі знаходзяцца журналісты Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова, якія цяпер асуджаныя, а ў розны час таксама кіравалі легендарнай арганізацыяй, што працавала ў фальклорна-этнаграфічным, гісторыка-краязнаўчым і культурна-асветніцкім накірунках. Сябрам арганізацыі быў і бакалаўр багаслоўя Андрэй Пуканаў, які быў затрыманы і асуджаны паводле абвінавачвання ў паклёпе на Лукашэнку.