150 жыхароў Савецкага раёну Гомеля падалі ў суд на Гарсавет дэпутатаў, які раней палічыў зварот аб арганізацыі сходу для адклікання дэпутаткі Ірыны Даўгалы нематываваным. 12 кастрычніка адкрытае судовае пасяджэнне пачалося ў будынку былога ДК "Віпра".
На суд супраць Гомельскага савета дэпутатаў, які адмовіў у сустрэчы з дэпутаткай Даўгала, прыйшло каля 100 гомельцаў. Нагадаем, жыхары Савецкага раёну збіралі подпісы, каб сустрэцца з Даўгала і ініцыяваць адкліканне дэпутаткі, якая не адрэагавала належным чынам на паслявыбарчыя падзеі.
Прадстаўніца праўладнай дэпутаткі Ірыны Даўгалы на адкрытым пасяджэнні сцвярджала, што скліканне сходу з дэпутаткай не было дастаткова матываваным, бо агучаныя ў заяве пытанні жыхарамі Савецкага раёну не ўваходзяць у паўнамоцтвы Гарсавету.
Усе заяўнікі выказаліся за дазвол здымкі, аднак суддзя Званко адхіліла гэтае хадайніцтва. Заяўнікі выказалі недавер суду ў сувязі з забаронай здымкі.
Гомельскі палітык Васіль Палякоў, які быў адным з падпісантаў калектыўнай заявы, выказаўся, што не давярае суду і судовай сістэме Беларусі ў цэлым, але не бачыць сэнсу мяняць аднаго суддзю на іншага.
Васіль Палякоў:
– У грамадзянаў шмат магчымасцей для таго, каб праявіць сваю пазіцыю, выказаць стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. І ў дзеяннях па адкліканні дэпутатаў, і ў прысутнасці ў судзе выяўляецца нашае непрыманне сітуацыі, а не імкненне дабіцца справядлівасці, бо ў Беларусі няма судоў. Пазітыў — у тым, што людзей было шмат. Гэта сведчыць, што пратэстовыя настроі ў Гомелі, як і ва ўсёй Беларусі не знікаюць. Людзі гатовыя змагацца за свае правы. Гэта натхняе.
Трансляцыю з судовага пасяджэння можна знайсці ў тг канале Флагштока.
Суд агучыць рашэнне а 17–й гадзіне.
Флагшток