Як стала вядома 1 жніўня, сетка гомельскіх суполак «Флагшток» абвешчана «экстрэмісцкай». 27 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю наступных суполак і чатаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: Telegram-група «Флагшток_чат»; Telegram-канал «Флагшток»; старонка ва «Укантакце» «Гомельский флагшток»; старонка ў «Аднакласніках» «Гомельский флагшток»; старонка ў «Facebook» «Гомельскі флагшток», паведамляе «Вясна».
Нагадаем, раней Флагшток ужо абвяшчалі «экстрэмісцкім фармаваннем». У такі спіс КДБ гомельскі інфармацыйны рэсурс трапіў 26 красавіка. «Група грамадзян, аб'яднаных з дапамогай сайта "Флагшток" (Telegram-канала "Флагшток-Гомельшчына"/Telegram-чата "Флагшток") ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — гаварылася ў абгрунтаванні.
Адзначым, што сілавікі могуць пераследваць за рэпосты са старонак Флагштока, а таксама за «лайкі» і каментары пад публікацыямі. Аб гэтым неабходна памятаць чытачам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.