Міжнародны камітэт па раследванні катаванняў у Беларусі прадставіў грамадскае расследванне фактаў жорсткага абыходжання і катаванняў у гомельскай жаночай калоніі №4.
Матэрыял змяшчае расповеды палітзняволеных жанчын пра жыццё ў калоніі: ад абавязкаў і бытавых умоваў да пакаранняў і правакацый, псіхалагічнага ціску.
Флагшток прыводзіць вытрымку з дакумента, з якім можна азнаёміцца па спасылцы. Распавядаем пра бытавыя ўмовы ў атрадах калоніі.
Фота: svaboda.org
Умовы зняволеных калоніі залежаць ад корпуса, у якім размяшчаецца атрад. Правіламі ўнутранага распарадку афіцыйна мыцца дазволена ў так званы лазневы дзень. І таксама ёсць дадатковы дзень, ён так і называецца — дзень мыцця галавы, калі можна памыць валасы. Ёсць, напрыклад, памяшканні атрада, у якіх ёсць адно бідэ на 80 чалавек, але можа не быць душа, дзе можна было б памыцца цалкам. У нейкіх атрадах душ ёсць, але ім нельга карыстацца, бо мыцца можна толькі адзін раз на тыдзень.
У старым трухлявым будынку 15-га атраду, паводле словаў былых зняволеных, напрыклад, няма душа. На ўвесь атрад 4 ракавіны, адзін нагамыйнік. На першым паверсе 5 унітазаў, але адзін адведзены пад начальніцу атрада. То бок 4 унітазы на ўвесь атрад і адно бідэ. Такім наборам зручнасцяў павінны абыходзіцца 80 жанчынаў. Пакой прыёму ежы таксама вельмі маленькі, і падчас прыёму ежы жанчыны туды не змяшчаюцца, ім даводзіцца прымаць ежу ў іншых дапаможных памяшканнях, уключаючы памывачную. У памывачнай ёсць дзве пральныя машыны і тумбачка для гаспадарчых рэчаў.
У 16-м атрадзе — вільгаць і цвіль, вельмі халодна; у 14-м атрадзе падобна, што рамонту не было вельмі даўно — сцены і падлога абадраныя, сантэхніка старая і ўбогая.
«І там у прыбіральнях знаходзіліся ўнітазы і бідэ адно на 80 чалавек. Стаялі рукамыйнікі і нагамыйнікі, то бок цалкам памыцца не было магчымасці».
«Праз паўтара месяцы…мяне перавялі ў 14-ты атрад. Я была ў шоку, калі я прыйшла ў гэты атрад. Гэта быў нейкі бамжатнік проста. Мне падалося што 15-ты атрад не вельмі, але калі я ўбачыла 14-ты — гэта быў нейкі жах. Ты заходзіш, там абадраныя сцены і падлога. Заходзіш у ракавіну — там адлегласць паміж кранам і ракавінай ... То бок галаву там памыць нерэальна. Там вельмі старыя ракавіны, якія ты не адмыеш. Там такі слой іржы і ўсялякай жэсці, што можна было звар’яцець».
«Думала, як мне памыцца, як схадзіць у прыбіральню, таму што гэта 5 унітазаў, якія стаяць адзін насупраць аднаго і падзеленыя звычайнай фіранкай. І проста каб зайсці ў прыбіральню, а там ёсць людзі, трэба пастарацца не спатыкнуцца аб каленкі іншых людзей. Там падзельнікі паміж унітазамі не такія шырокія, каб ты не бачыў што там і каго. І ў прынцыпе ўсё, ты не хочаш гэтага бачыць, але твой бакавы зрок захоплівае ўсё, што адбываецца. У прыбіральню проста нерэальна схадзіць было, гэта было вечнае «пацярпець».
Скриншот видео Беларусь 4
Нягледзячы на тое, што 16-ты атрад лічыцца паказальным і туды вельмі часта заходзіць адміністрацыя, бытавыя ўмовы там, паводле словаў жанчынаў, былі вельмі дрэнныя. Першае — вельмі халодна. Старыя драўляныя вокны зусім не трымаюць цеплыню. Няма сушкі, дзе можна сушыць рэчы.
Непасрэдна ў секцыі захоўваюцца курткі, абутак, стаіць халадзільнік і вельмі маленькая шафка з локерамі (1 на 4 чалавекі). У прыбіральні 4 кабінкі з унітазамі. Душам карыстацца дазваляюць. Агулам 16-ты атрад лічыцца «наркаманскім» атрадам, таму што там знаходзіцца шмат людзей, якія сядзяць па 328-м крымінальным артыкуле.
Ёсць атрады з вялікімі капцёркамі з вялікімі ячэйкамі для скрынак з рэчамі, якія размяшчаюцца ў 3-4 ярусы. У некаторых атрадах капцёркі 2 на 2 метры з маленькімі ячэйкамі для рэчаў, у якія складана змясціць усе рэчы. Нядрэнныя водгукі былых асуджаных пра 7-мы, 9-ты і 17-ты атрады: у іх дастаткова цёпла і нядрэнныя бытавыя ўмовы. Ёсць душы з фіранкамі, нагамыйнікі.
У 9-м атрадзе 2 асобныя пакоі з бідэ, ёсць кухня. У кухні 2 сталы для абедаў, крэслы. Па перыметры кухні стаяць шафы з ячэйкамі, якія называюцца локеры. Яны зробленыя з металу і прадугледжаныя для таго, каб у іх можна было захоўваць прадукты, зачыняючы на ключ. Але ў адміністрацыі павінен быць доступ да іх змесціва, і таму забараняюць іх замыкаць. У кухні 2 халадзільнікі. Але ў кожным атрадзе па-рознаму, недзе можа быць і 3 халадзільнікі. Тумбачка ля разеткі, каб на ёй кіпяціць ваду. У некаторых атрадах ёсць чайнікі, недзе іх няма і трэба карыстацца кіпяцільнікамі.
19-ты атрад размешчаны ў тым жа будынку, у якім знаходзіцца і 9-ты атрад. То бок па ўмовах там усё ідэнтычна.
У 13-м атрадзе (размешчаны ў корпусе з назвай «Бамбей») адзін істотны недахоп: там вельмі халодна. Нягледзячы на тое, што корпус дастаткова новы і адрамантаваны, вокны там устаўленыя няправільна, таму ў памяшканні пастаянны скразняк. Паводле словаў жанчынаў, у гэты атрад адпраўляюць людзей у пакаранне.
«Я, кладучыся спаць, у прынцыпе, як і ўсе іншыя жанчыны, спала не толькі пад целагрэйкай. Я надзявала ўсе рэчы, што ёсць у мяне, таму што памяшканне астывала так, што гэта было нерэальна».
У атрадзе ёсць 2 душы. Але карыстацца імі забараняюць. Мыцца трэба хадзіць абавязкова ў лазню, дзе няма нармальных умоваў.
«Там ёсць душ, які наведваецца адзін раз на тыдзень, і прымаць яго можна толькі 15 хвілінаў, але гэта ад моманту ўваходу ў душ. Заходзіў увесь атрад, то бок шмат чалавек. Адпраўляюць у душ. Там некалькі душавых кабінак. І давалася 15 хвілінаў з моманту, як мы ўвайшлі, то бок гэта распрануцца, вельмі хутка прыняць душ, выцерціся і апрануцца. Адзін раз на тыдзень. Увесь астатні час мы, скажам так, мыліся з бутэлечкі над унітазам, неяк імкнуліся прыстасавацца, але гэта было немагчыма…гэта не прамыць галаву ў такім душы, нічога. Прычым, пасля душа, калі ты выходзіш ужо такі распараны, разагрэты, увесь мокры, нягледзячы на тое, што на вуліцы вельмі халодна, ты ўсё адно ідзеш па вуліцы, калі гэта душ быў перад сном».
«Я была ў розных атрадах кожны месяц, то бок я памяняла 10 атрадаў, і розныя атрады выглядаюць па-рознаму. У большасці сваёй ва ўсіх атрадах дрэнна ідуць справы з санітарна-бытавымі ўмовамі, то бок гэта і дрэнная сантэхніка, і смурод, гэта і розныя жыўнасці, ну то бок там жукі, павукі, таракашкі, у большасці атрадаў былі паўсюль бялізнавыя вошы. Увечары, калі я сядала чытаць, я надзявала акуляры, а акуляры ў мяне на вельмі вялікі плюс, я спецыяльна папрасіла ў бацькоў набыць, таму што там дрэннае асвятленне. У гэтых акулярах я разгледзела бялізнавых вошай на падушцы».
Датычна сродкаў гігіены жанчыны ў асноўным павінны былі клапаціцца самі. Адзін раз на месяц ім выдавалі гаспадарчае мыла, адну ўпакоўку пракладак і туалетную паперу.
«Часам пракладак няма, часам няма туалетнай паперы. А часам пракладак і туалетнай паперы няма ў краме. Ну, ток бок, гэта дадатковы раз цябе пысай у лайно проста акунаюць і паказваюць лішні раз тваё месца. Не пра тое, што нават памыцца, з гэтым ты ўжо неяк змірылася. З тым, што ты проста два гады ходзіш брудны. І размазваеш гэты бруд з адной часткі цела на іншую частку цела. І яшчэ ты там нармальна не можаш паклапаціцца пра сваю менструацыю. І гэта, як па мне, настолькі дзіка…»
Таксама жанчыны распавядаюць пра рабскую працу ў калоніі, а ў канцы дакумента прыведзены спіс супрацоўнікаў установы і іх характарыстыкі.