З сайта Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў знікла прозвішча яе кіраўніцы. Са старонкі кантактаў прыбралі дадзеныя старшыні прафсаюза Таццяны Хацковай, заўважыў Флагшток.
Цяпер гэты праўладны прафсаюз, паводле звестак на ягоным сайце, застаўся без кіраўніка. Гэта здарылася пасля таго, як Хацкову асудзілі на 15 сутак арышту паводле артыкулу «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць».
Раней у прыёмнай прафсаюза і па месцы яе працы адказвалі, што старшыня быццам бы знаходзіцца на бальнічным.
Нагадаем, гаворка ідзе пра спасылку, размешчанай Хацковай на асабістай старонцы ў Фэйсбуку, на інтэрнет-групу, якую беларускі правячы рэжым унёс у спіс «экстрэмісцкіх». За падобныя «правапарушэнні» (лайкі, рэпосты, падпіскі) у Беларусі масава судзяць грамадзян на працягу апошніх трох гадоў.
Таццяна Хацкова
Па дадзеных на 2021 год, колькасць членаў прафсаюза, якім кіравала Хацкова, складала звыш 4,5 тысяч чалавек, пры гэтым «ахоп прафсаюзным сяброўствам сярод працуючых» дасягаў 98,9%.