У Гомельскім абласным судзе 13 ліпеня абвешчаны прысуд палітнзяволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Алег Харошка. Кацярыну абвінавачвалі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК), паведамляе «Вясна». Падрабязнасці невядомыя: ніхто са сваякоў не змог прысутнічаць на працэсе, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Аднак паводле паведамленняў дзяржаўных медыя, Кацярыну асудзілі да 8 гадоў і 3 месяцаў і прызналі вінаватай у «выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве)».
Кацярыну абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» ў той час, калі яна ўжо знаходзілася ў калоніі па першым прысудзе. Нагадаем, 18 лютага 2021 года журналістка была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у жаночую калонію ў Гомелі. Яе судзілі за прамы эфір з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Мінску 15 лістапада 2020 года.
Пра суддзю, які вынес Кацярыне новы прысуд, вядома, што цяпер ён упершыню разглядаў «палітычную» крымінальную справу, а раней — апеляцыйныя скаргі, у тым ліку на «палітычныя» прысуды па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка ўнутраных справаў) і пакідаў іх без зменаў. Раней працаваў суддзёй Навабеліцкага раёна Гомеля і ў 2008 годзе судзіў удзельнікаў і ўдзельніц экскурсіі, прысвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гомелі.
Суддзя Алег Харошка
Нагадаем, у тым жа судзе працягваецца працэс над журналісткай Ірынай Слаўнікавай, якую абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага фармавання». Ёй пагражае да 7 гадоў.