Флагшток працягвае сачыць за самай рэзананснай будоўляй Гомеля 2020 года — узвядзеннем 60-метровага флагштока на плошчы Леніна. У пачатку жніўня стала вядома аб планах чыноўнікаў працягнуць будоўлю. У хуткім часе на пляцоўцы з'явілася тэхніка і людзі. Але пашпарт аб'екта за паўгады ад пачатку прац будаўнікі так і не павесілі.
Будаўнічая пляцоўка 13 жніўня. Плітка ўжо перакладзеная, аснаванне флагштока ў апалубцы
Пасля прэзідэнцкіх выбараў (прыкладна пасля 13 жніўня) на фоне масавых пратэстаў будоўля была зноўку прыпыненая. Апошнія два тыдні будаўнічых прац на пляцоўцы не назіралася.
Журналісты Флагштока паспрабавалі высветліць ва Ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гомельскага аблвыканкама, што чакае знакамітую будоўлю. Гэтае ведамства раней давала пісьмовыя адказы па стану будоўлі. Але ў гэты раз намесніца старшыні Ўпраўлення Святлана Кухоцкаволец адказала, што ёй нічога невядома пра будаўніцтва флагштока і параіла звярнуцца да замоўцы, пасля чаго кінула слухаўку.
Мы паспрабавалі патэлефанаваць ва Ўпраўленне капітальнага будаўніцтва горада Гомеля. Менавіта гэтая арганізацыя называлася замоўцам у публікацыях дзяржаўных СМІ і адказах чыноўнікаў на звароты грамадзян.
Дазваніцца да адказных асоб не атрымалася. Ва Ўпраўленні капітальнага будаўніцтва слухаўку падняла толькі сакратарка прыёмнай. Яна запэўніла, што аб'ект ужо не мае дачынення да УКСа.
«Ніякага флагштоку ніхто не будуе. Мы замоўцам не з'яўляемся. У нас няма такого об'екта на сённяшні дзень. Праектна-сметная дакументацыя зараз знаходзіцца на дапрацоўцы».
На фота з вышыні 16 жніўня бачна недаробленае аснаванне флагштока
А так будаўнічая пляцоўка выглядала 24 жніўня
Флагшток