Дзень горада пад бел-чырвона-белым сцягам

| Город

Жыхары Гомеля адзначылі 878-ую гадавіну з моманту першай згадкі горада над Сожам па-партызанску. 


12 верасня для прыхільнікаў пераменаў былі прапанаваныя некалькі актыўнасцяў, у якіх кожны мог выявіць сябе. Раварысты з бел–чырвона–белымі стужкамі праехалі калонай у 30–40 чалавек паўз увесь горад па маршруце ад Вечнага агня ў Фестывальным парку да цэнтральнага пляжа. Паводле ўдзельнікаў велапрабегу, гараджане ставіліся да іх акцыі надзвычай пазітыўна.


Фота: Cильные новости

Пешаходы а 13–й гадзіне сабраліся ля помніка міністру замежных справаў СССР–нараджэнцу Гомельшчыны Андрэю Грамыку, а потым калонай у 20–30 чалавек прайшліся да пешаходнага моста праз Сож. Ніякіх эксцэсаў падчас працэсіі не было. Калону суправаджалі два сумныя міліцыянты, якія ішлі за гомельцамі без вялікага энтузіязму.  


 Фота: тг-канал "Гомель пераменаў!"

Яшчэ адной лакацыяй, дзе сабраліся неабыякавыя гомельцы, сталіся ваколіцы Абкамаўскага возера. Актывісты пад бел–чырвона–белымі сцягамі сабралі горы смецця. Акцыя па прыборцы адкідаў завяршылася пікніком ля рачной базы "Бухта капітанаў".  


Фота: тг-канал "Гомель пераменаў!"

Але самая дзёрзкая акцыя на Дзень горада была арганізаваная на агляднай пляцоўцы былога коміна цукровага заводу князёў Паскевічаў. У момант, калі на набярэжнай Сожа прысутнічала абласное і гарадское кіраўніцтва, невядомыя вывесілі вялікі бел–чырвона–белы сцяг. Палотнішча лунала даволі працяглы час.  


Фота: тг-канал "Гомель пераменаў!"

Гомельцы ў Дзень горада праявілі крэатыў, імкнуліся незаўважна адваёўваць гарадскую сімвалічную прастору. Некаторыя развешвалі стужкі бел–чырвона–белых колераў у шматлюдных месцах, а нехта ўпрыгожыў кавярню белымі і чырвонымі балонікамі. 



Гараджане паказалі, хто ў доме сапраўдны гаспадар.  


Флагшток