Па інфармацыі Гомельскай Вясны, учора ў Гомелі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» асудзілі 29-гадовую Зінаіду Сыч. Яна працуе асістэнткай кафедры «Будаўнічыя тэхналогіі» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, мае званне магістра тэхнічных навук і гадуе двух непаўнагадовых дзяцей.
8 траўня ў судзе Чыгуначнага раёна г. Гомеля на Зінаіду Сыч было накладзена адміністрацыйнае спагнанне па частцы 2 артыкула 19.11 (распаўсюджанне, вырабленне, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць) КаАП РБ. Пастанову суда выносіў суддзя Крупадзёраў Мікалай. Вынік адміністрацыйнага спагнання пакуль невядомы.
Зінаіда Сыч (фота з асабістай старонцы ў Аднакласніках)
Толькі за 8 траўня ў Гомелі і вобласці адбылося 7 палітычна матываваных адміністрацыйных працэса, пра якія стала вядома праваабаронцам. Працэсы адбыліся ў Ельску, Жлобіне, Рагачове, Рэчыцы, Светлагорску.