Вольнае панства супраць бязвольнага: гомельскія прапагандысты знялі супярэчлівае відэа пра супрацоўнікаў «Беларуснафты», якія асудзілі гвалт у краіне

| Политика

Некалькі дзён таму рэгіянальны тэлеканал «Беларусь 4. Гомель» апублікаваў відэа пра крымінальную справу супраць удзельнікаў тэлеграм-чата супрацоўнікаў «Беларуснафты», распачатую ў траўні гэтага года. Зняты ў «лепшых» традыцыях дзяржпрапаганды ролік прапануе вельмі спецыфічны погляд на тыя падзеі, якія адбываліся на прадпрыемстве і выкарыстоўвае сумнеўны набор фактаў ды маніпуляцый. Флагшток прыгледзеўся бліжэй да гэтай гісторыі і прыгадаў былыя падзеі.


Мікалай Скінціян — журналіст, яго голас гучыць за кадрам рэпартажу


«Стачкамі і забастоўкамі яны хацелі знішчыць прадпрыемства»

«Вернемся ў Рэчыцу. Тут функцыянуе паспяховае дзяржаўнае прадпрыемства», — менавіта пад такой расплывістай фармулёўкай аўтары відэа апісваюць падзеі, што, нібыта, мелі месца на «Беларуснафце».


Супрацоўнікі прадпрыемства стварылі чат для абмеркавання працоўных пытанняў, які летась быў, нібыта, перайменаваны ў «Вольнае панства». Акрамя працы абмяркоўваць у ім час ад часу пачалі і падзеі, што адбываліся ў краіне.

Як вядома, супрацоўнікі аднаго з вядучых нафтаздабываючых прадпрыемстваў краіны не засталіся ўбаку ад таго, што рабілася ў краіне. Так шасцярых супрацоўнікаў, якія далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі, абвешчанай Святланай Ціханоўскай, звольнілі з прадпрыемства.



Засада супраць АМАПу, якой не было

Гомельскія тэлевізійшчыкі ў сваім творы не называюць ніякай канкрэтыкі, замазваюць на фатаздымках твары меркаваных парушальнікаў закону. Выкарыстанне ж шматлікіх маніпулятыўных метадаў, такіх як нарэзкі з фатаздымкамі зброі, нацысцкай сімволікі і літаратуры мае пераканаць гледача ў праўдзівасці высунутых абвінавачванняў і ўсяго аповеда. Але падобны дзікі мікс «фактаў» не выклікае вялікага даверу.

Так, сярод іншага, у якасці доказу супрацьпраўных намераў удзельнікаў чату ў відэа прыводзяцца, нібыта, фрагменты перапіскі, у якіх сустракаюцца ў тым ліку і заклікі да гвалту. Так найбольш цікавым выглядае заклік аднаго з удзельнікаў чата, перакрыць трасу М10 «за Каравацічамі сярод лесу». Паводле яго прапанову па прыездзе АМАПу трэба было пабіць яго супрацоўнікаў, завалодаць іх формай, пераапрануцца ў яе ды «ехать на подкрепление в Гомель».


Логіку падобных нерэалістычных планаў зразумець цяжка. Меркаваны аўтар гэтых паведамленняў на прыведзеных скрыншотах карыстаецца беларускай мовай, але з такімі памылкамі, нібыта ён піша на роднай мове ўпершыню.

Ці мог узнікнуць падобны план радыкальных дзеянняў сярод супрацоўнікаў «Беларуснафты», застаецца невядомым да канца следчых дзеянняў. Але падобныя «ўкіды» часта выкарыстоўваюцца спецслужбамі, каб «лавіць на жыўца» актыўных удзельнікаў чатаў і потым выстаўляць ім абвінавачванні па крымінальных артыкулах.



У вас такі высокі заробак, што вам не падабаецца?

У віну ўдзельнікам чату ставіцца і ўдзел ды нават арганізацыя масавых беспарадкаў, а таксама абмеркаванне актуальных палітычна-грамадскіх падзей. Дзеянні праваахоўных органаў на акцыях пратэсту пры гэтым падкрэслена апісваюцца як карэктныя і адэкватныя.

Адным з такіх арганізатараў «беспарадкаў у цэнтры Гомеля» аўтары відэа назвалі супрацоўніка прадпрыемства, за заблюраным фатаздымкам якога лёгка чытаецца асоба Дзмітрыя Грышчанкі.

Дзмітрый стаў вядомы летась пасля запісу відэазварота, у якім восенню 2020 асудзіў гвалт адносна ўдзельнікаў акцый пратэсту з боку сілавікоў ды заклікаў сваіх калег «перастаць маўчаць».

«Як я магу працягваць працу ў сітуацыі, калі майму сябру пагражаюць пераломам калена ў аўтазаку і збіваюць за адмову разблакаваць тэлефон? Як я магу спакойна працаваць, калі мой сябар выходзіць на бегавую дарожку са словамі: «Я павінен уцякаць ад людзей у форме і без дакументаў»? Як я магу супакоіцца, калі журналісты, якіх я чытаю, дзесяцігоддзямі ўтрымліваюцца ў турме за прафесійную працу?» — тлумачыў сваю пазіцыю неабыякавы жыхар абласнога цэнтра.

На відэа гомельскіх прапагандыстаў у якасці прэтэнзіі да супрацоўнікаў «Беларуснафты», якія выражалі сваю нязгоду праз страйк або публічнае асуджэнне сітуацыі ў Беларусі называецца высокі заробак, добры сацыяльны пакет. Маўляў, працуючы на адным з найбольш паспяховых прадпрыемстваў краіны нельга свабодна выражаць сваю пазіцыю, асуджаць гвалт ды існую палітычную ці сацыяльна-эканамічную сітуацыю.

Каток рэпрэсій працягваецца

У траўні гэтага года стала вядома, што шэраг удзельнікаў чата, у тым ліку і Дзмітрый Грышчанка, былі затрыманыя. У шматлікіх супрацоўнікаў «Беларуснафты» прайшлі ператрусы, шэраг з іх звольнілі пасля гэтага з працы.

На дадзены момант вядома аб як мінімум чатырох былых беларуснафтаўцаў, якія ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары. Супраць іх высунутыя абвінавачванні па артыкуле 342 КК РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».



Падтрымаць Дзмітрыя Грышчанку лістамі можна па адрасу: Кніжная 1А, Гомель 246003 (Грышчанка Дзмітрый Мікалаевіч).


Флагшток