«Тое, што робяць з азеляненнем — гэта вычварэнства». Эколаг — пра дрэвы ў кадках, якія з'явіліся ў Гомелі

| Горад | 1

Імітаваць азеляненне ў Гомелі пачалі ў новым фармаце. Падчас суботніка 20 красавіка работнікі «Чырвонай гваздзікі» на вуліцы Савецкай «высадзілі» 26 ліп. Чаму ў двукоссі — бо высадка дрэў адбылася не непасрэдна ў грунт, а ў кадкі. Пазней ў кожны гаршок да ліп плануюць падсадзіць кветкі.

Першыя дрэвы ў кадках з'явіліся летась у Навабеліцкім раёне. Відаць, гэта дзіўная ідэя спадабалася гарадскім уладам, таму сёлета яе вырашылі рэалізаваць яе ў цэнтральнай частцы горада.


Фота: газета Гомельскія ведамасці

Эколаг Зміцер Янкоў пракаментаваў Флагштоку гэта новаўвядзенне. Паводле эксперта, ёсць тры версіі, чаму замест рэальнага азелянення ўлады выстаўляюць на вуліцах дрэвы ў гаршках:

«З аднаго боку, на гэта можна закладваць больш грошай з бюджэту. Трэба ж кожную вясну гэтыя туі і іншыя дрэвы вывозіць, увосень завозіць, узімку недзе захоўваць. На працягу вегетацыйнага перыяду такія дрэвы патрабуюць больш частыя палівы. Дзе больш грошай, там больш і магчымасцяў іх займець».

З іншага боку, працягвае эколаг, гэта зручна для камунальнікаў: хочаш, ёсць дрэва, хочаш — няма:

«Захацеў — яно тут, а захацеў — там. Для статыстыкі вельмі зручна. І трэцяя, найбольш верагодная на маю думку версія, што гэта чыноўніцкая філасофія мінулага стагоддзя. Калі прырода — гэта нешта варажнечае, тое, што трэба падпарадкоўваць, перамагаць. А прыгожае — гэта толькі творы штучнага мастацтва чалавека. Таму, калі кветкі квітнеюць у сферычнай металічнай клетцы, альбо дрэва расце ў рукатворным гаршку, то гэта сімвал перамогі чалавека над прыродай, і менавіта гэта трэба лічыць прыгожым. Такая бясконцая індустрыяльная саветчына. Нажаль, ў горадзе няма прафесійных суполак і навукоўцаў-біёлагаў, альбо эколагаў, ці ландшафтных дызайнераў, дэндролагаў, каб афіцыйным лістом паведаміць гарадскім уладам: тое, што яны робяць з азеляненнем — гэта вычварэнства».



Фота: газета Гомельскага гарвыканкама


Тэму абмяркоўваюць гомельцы ў сацсетках. На пытанне гараджаніна «не разумею, навошта так выёжвацца, няўжо пад зямлёй усё настолькі забіта камунікацыямі?» іншы карыстальнік адказаў:

«Каб туям у кадках было не сумна зімаваць, калі іх прыбяруць з цэнтра горада».

Пакiнуць каментар
captcha

Дмитрий

23.04.2024

Может там дня нет. Корень уходит в землю и все ОК