Гомельцы знялі пад Варшавай фільм пра генацыд беларускага народа

| Палітыка | 0

Дакументальны фільм на тэму савецкіх рэпрэсій 1930-х гадоў на Гомельшчыне «Лес» прэзентаваны ў YouTube. Яго аўтарка – рэжысёрка і гісторык, адна з заснавальніц «Флагштока» Марыя Булавінская. У стварэнні фільма прымалі ўдзел беларусы, якія цяпер знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Частка здымкаў праходзіла ў лесе пад Варшавай.

У аснову 40-хвіліннага фільма ляглі сведчанні мясцовых жыхароў і запісы з іх удзелам аб фактах масавых расстрэлаў карнікамі НКВД у лесе за Навабеліцкім раёнам Гомеля (Шчакатоўскі, або як яго цяпер называюць – Чонкаўскі) ля трасы Гомель – Чарнігаў: там, дзе цяпер улады праводзяць раскопкі і сцвярджаюць, што расстрэлы тут праводзілі нацысты падчас Другой сусветнай вайны.

Некаторыя аповеды сведак ўтрымліваюць дэталёвыя падрабязнасці. На іх аснове ў фільме паказаны гістарычныя рэканструкцыі, якія дапоўнены словамі гісторыкаў. Адзін з цэнтральных эпізодаў у стужцы стаў вядомы дзякуючы аповедам відавочцы, які выжыў пры расстрэле.

У вёску пад Гомелем прыйшоў з лесу голы чалавек і прасіў уратаваць яго. Паводле сведчанняў людзей, гэта быў партыйны начальнік Заходняй чыгункі, які апынуўся ў расстрэльным спісе, але здолеў выжыць. Пасля гэтага ён бадзяжнічаў тры гады і ў выніку здаўся ўладам. Адна яго высокапастаўленая пасада ў мінулым дазволіла яму пазбегнуць паўторнага расстрэлу.

З жыхароў Маркавіч 15 чалавек загінулі на вайне, а 130 чалавек расстралялі савецкія ўлады за адзін дзень

У хуткім часе гісторыя закальцавалася, тлумачаць аўтары, пачалася нямецкая акупацыя, а цяпер рэпрэсіі бальшавікоў улады перакладаюць на немцаў, каб зняць адказнасць з НКВД (цяперашні КДБ) – сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў спрабуюць схаваць дзеяннямі немцаў. Аднак фальсіфікацыя гістарычных фактаў у гэтым месцы вельмі абцяжараная, бо ёсць доказы рэпрэсій 30-х гадоў.

«У 2021 годзе пракуратура завяла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. На жаль, на момант расследавання гэтай справы шмат гісторыкаў было рэпрэсавана ўладамі. А тыя, хто не рэпрэсаваны, не могуць разважаць на гэтую тэму, бо тады будуць таксама рэпрэсаваныя», – адзначае Марыя Булавінская.


Гаворачы на рэпрэсіі 30-х гадоў, яна прыводзіць адзін выразны факт:

«У вёсцы Маркавічы Гомельскага раёну ёсць мемарыял вяскоўцам, якія загінулі на фронце падчас Другой сусветнай вайны. У спісе 15… чалавек. А ў 1937 годзе толькі за адзін дзень НКВД расстралялі 130 жыхароў вёскі. Аб гэтым распавядае адзін з герояў фільма – ён сцвярджаў, што займаўся расследаваннем сталінскіх рэпрэсій ў Гомелі ў 1960-х гадах. Вось я і хацела б распавесці пра гэты этап генацыду, пра які ўлады казаць не будуць».


Успаміны сведкаў запісалі журналісты і грамадскія актывісты ў 2007 годзе

Што тычыцца крыніц для стварэння фільма, то ён на 50% складаецца з архіўнага відэа. Адна з частак – гэта ўласнае відэа, якое Мары збірала з 2014 года:

«У 2020 годзе я з’ехала з Беларусі і пакінула дзясяткі тэрабайтаў у сырым памяшканні ў мала знаёмых людзей. Я думала, што з’язджаю на два-тры тыдні, а я ўжо не была ў Беларусі 4 гады. І вось год таму я наважылася гэты архіў перавезці рознымі шляхамі і ён мне даў новае дыханне для дзейнасці, для працы».


Таксама ў фільме выкарыстаныя ўспаміны сведкаў, якія запісалі журналісты і грамадскія актывісты Гомеля ў 2007 годзе. Як падкрэслівае Марыя, гэта вельмі каштоўны матэрыял: 

«Калі б яны гэтага не зрабілі тады, то не было б аб чым і размаўляць сёння. Шкада, што такую працу за гэты ўвесь час не здзейснілі гісторыкі, акрамя некалькіх чалавек, пра якіх я не буду зараз казаць – ім дзякуй таксама».


Марыя адзначыла, што спачатку планавалася стварыць вельмі мінімалістычны фільм: успаміны людзей, відэа. Але праект сам па сабе разросся да нечаканых памераў. У фільме зняліся вядомыя акторы. Напрыклад, Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская. Ілюстрацыі і анімацыю для фільма ствараў вядомы мастак Street_Wind_ У рамках гэтага праекту аўтарку кансультавала брытанская рэжысёрка Аманда Фэлдан.


«Я трапляла ў сітуацыі, калі мяне вось-вось павінны былі затрымаць»

Сама ідэя фільма нарадзілася каля двух гадоў таму. Калі пачалася вайна ва Украіне, Марыя навучалася ва Украінскай кінашколе ў Кіеве.

«З-за гэтых усіх падзей у нас на курсе засталося да канца навучання ўсяго толькі тры студэнты, сярод якіх была і я. І мне дасталося вельмі шмат увагі, гэта ледзь не індывідуальныя заняткі былі, вельмі крутыя заняткі. І ведаючы, што я з Беларусі, наш выкладчык шмат разважаў пра рэпрэсіі. Мне вельмі спадабаліся гэтыя разважанні. Ён казаў пра тое, што рэпрэсіі ставяць нас перад дылемай: працягваць рабіць тое, што нам падабаецца ці, як сёння гавораць, перагарнуць старонку і “нармалізаваць” жыццё. Абодва варыянты маюць кепскія наступствы. Першы стварае нам перашкоды з невядомым канцом. Выбар другога вядзе да страты чалавечай годнасці».

Пытаннем, што абраць у такім выпадку, Марыя задавалася даўно:

«Чаму людзі пакорліва здаюцца, не змагаюцца за сваю свабоду, калі іх кранаюць рэпрэсіі? У 2020 годзе я магла толькі здагадвацца, што будзе такая сітуацыя як сёння. Тады я ўсведамляла рызыкі, але, магчыма, азарт і інтарэс да падзей перамагаў страх. Я некалькі разоў трапляла ў непрыемныя сітуацыі, калі мяне вось-вось павінны былі затрымаць, калі ў адкрытыя дзверы грукаліся сілавікі і здавалася, што выйсця ўжо няма. Але заўсёды прыходзіла нейкае рашэнне, яно магло быць і трохі дурнаватым, але спрацоўвала! Вось у тым і сэнс узмацнення рэпрэсій – усяліць настолькі моцны страх, каб ніякія рашэнні да чалавека не прыходзілі, каб увогуле пазбавіць гэтага выбару, пра які я казала вышэй», – разважае Марыя.



Пакiнуць каментар
captcha