Арыштавалі маёмасць гомельскай журналісткі і рэжысёркі Марыі Булавінскай

| Навіны | 0

Журналістцы і рэжысёрцы Марыі Булавінскай стала вядома, што яе маёмасць — сядзібны дом у вёсцы Рогі-Ілецкі, арыштаваная. Прычына арышту нерухомасці Марыі невядомая.


Марыя Булавінская

«Арышт адбыўся паводле пастановы Следчага камітэта. Ніякай прычыны ці крымінальнага артыкула, з-за якога арыштавалі маёмасць, мне не паведамілі», — гаворыць Марыя.






Вясковы дом Марыя набыла ў 2019 годзе і хацела яго адрэстаўраваць.

«Я гісторык. Гэты дом не каштуе нейкіх вялікіх грошай (хоць для мяне гэта адносна вялікія грошы). Але я доўга падбірала будынак, каб ён меў характэрныя гістарычныя рысы для нашага рэгіёна. Я марыла адрэстаўраваць дом і нават жыць там. Але паспела правесці толькі падрыхтоўчыя працы».


Марыя Булавінская з'яўляецца адным з тых людзей, хто ствараў рэсурс flagshtok.info. Таксама журналістка з'яўляецца аўтарам шэрагу рэзанансных расследаванняў на нашым рэсурсе. Улетку 2024 года ў Марыі выйшаў фільм, у якім выкрываюцца дзеянні гомельскіх уладаў, звязаныя з афіцыйнымі раскопкамі ў Навабеліцкім лесе. Фільм прысвечаны сталінскім рэпрэсіям.