«Яна стала рэзультатыўным снайперам». Сталі вядомыя абставіны гібелі Марыі Зайцавай з Гомеля.

| Навіны | 0

Некралог на гібель дзяўчыны апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook Руслан Мірашнічэнка — камандзір 2-га міжнароднага легіёна Узброеных сіл Украіны.

 

 

Руслан Мірашнічэнка


«Мозг рве на часткі… Не магу маўчаць, і я не магу сказаць больш, чым можна», — пачаў свой допіс Мірашнічэнка.


У легіёне Марыя апынулася з першых дзён яго фармавання. З 2022 года Марыя працавала ў медпункце, але казала, што гэта не яе і што яна мусіць быць у акопе з хлопцамі. 

У 2023 годзе на ўсходнім фронце, аказваючы дапамогу ўкраінскім байцам, Марыя атрымала раненне. 

Пасля рэабілітацыі, прайшоўшы навучанне і трэніроўкі на працягу некалькіх месяцаў, Зайцава стала рэзультатыўным снайперам.



Марыя Зайцава


Камандір легіёна паведаміў абставіны гібелі былой гамяльчанкі:

«Сёння ноччу пад Пакроўскам [тлумачэнне Флагштока: горад Данецкай вобласці Украіны, за які цяпер вядуцца баі] яна папрацавала добра, але арта [тлумачэнне Флагштока: расійская артылерыя] робіць сваё. Узгадайце Марыю сёння. Памаўчым… Яна аддала жыццё за нашу і вашу Свабоду. За вольную Беларусь і вольную Украіну. Моцная дзяўчына воін. Гонар!».


На дадзены момант цела загінуўшай знаходзіцца ў зоне абстрэлу пад Пакроўскам.



Марыя Зайцава ў 2020 годзе: траўмаванне падчас пратэстаў і пасля аперацыі 


У жніўні 2020 года фотаздымак гамяльчанкі з акрываўленым тварам абляцеў інтэрнэт. Марыя была параненая падчас акцыі пратэсту ля Стэлы ў Менску. Тады побач з ёй адбыўся выбух шумавой гранаты, выпушчанай сілавікамі. Пасля некалькіх аперацый на радзіме Марыю эвакуявалі ў Чэхію, дзе яна працягнула рэабілітацыю.


Рэдакцыя Флагштока выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Марыі.