Цяперашняму пакаленню беларускай моладзі цяжка ўявіць, як гэта правесці маштабную моладзевую акцыю без дазвола ўладаў, і каб яшчэ пры гэтым не быць членам БРСМ. Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х распавялі тагачасныя грамадскія актывісты Алесь Карніенка і Сяргей Адзінец.
Грамадзянскі форум
Грамадзянскі форум быў моладзевай часткай Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У той час у Гомелі гэтая арганізацыя мела шырокае прадстаўніцтва.
Сяргей: «На першым месцы для нас былі дэмакратыя і свабода, а беларушчына на другім месцы. Гэта адна з прычын, чаму тады быў папулярны Грамадзянскі форум, а не БНФ. У Грамадзянскім форуме было шмат актывістаў, якія былі прабеларускімі, размаўлялі па-беларуску, хацелі, каб беларуская мова і культура сталі асноўнымі. Тым не менш, яны працавалі з Грамадзянскім форумам».
Гомельскія актывісты Грамадзянскага форуму друкавалі ўлёткі і распаўсюджвалі іх.
Сяргей: «Мы друкавалі гумарыстычныя ўлёткі пра Лукашэнку, пра нейкія падзеі, якія адбываліся ў той час. Улёткі мы самі друкавалі, часам на ксераксах рабілі, часам на плоттеры. Друкавалі самвыдат. У нас было некалькі ініцыятыў моладзевых, дзе 2–5 чалавек разам рабілі нейкую невялікую газету. Мы дапамагалі іх друкаваць і распаўсюджваць».
Сяргей Адзінец
Актывісты імкнуліся прыдумляць лозунгі, якія будуць цікавыя моладзі. Улёткі раздаваліся звычайна побач з гомельскімі ўніверсітэтамі.
Алесь: «У нас, напрыклад, ёсць вядомая гісторыя, калі таварыш Лукашэнка крыкнуў: «Толькі ўзяўся за яйкі, масла прапала». І ў 1999 годзе, калі яйкі зніклі, я пісаў: «Глядзіце, Хутка будзе Вялікдзень, а значыць, час фарбаваць яйкі. А яек у крамах няма. Кажуць, што апазіцыя перашкаджае Лукашэнку. А мы такая апазіцыя, якая дапамагае Лукашэнку, вось яйкі — размалёўвайце». Намалявалі контуры яек, і студэнты цэлы дзень размалёўвалі гэтыя яйкі на ўсе лады».
Алесь Карніенка распаўсюджвае улеткі
Узровень палітычнага перасьледу ў той час яшчэ дазваляў праводзіць акцыі бясьпечна для ўдзельнікаў.
Сяргей: «Куплялі балончыкі, фарбы, раздавалі тым, хто нешта хацеў намаляваць на палітычную тэму. У нас былі налепкі «Стоп Лука». Мы іх не друкавалі, але мы іх распаўсюджвалі, наляплялі. За гэта забіралі ў пастарунак. Але ніякай адказнасці за гэта яшчэ не было, нават штрафу. Маглі пасадзіць у пастарунак на суткі ці штраф нейкі даць да 2001 года. У 2001 годзе стала ўсё больш сур'ёзна, бо гэта быў год прэзідэнцкіх выбараў».
Аднак узгадніць правядзенне палітычнай акцыі з уладамі ўжо ў 90-я было нерэальна.
Сяргей: «Усё, што ўлады дазвалялі, гэта раён Стары Аэрадром, дзе нікога няма, ходзіць тры чалавекі ў гадзіну. Але нам не было сэнсу гэта рабіць, таму мы ні з кім не ўзгаднялі акцыі. Атрымаць нейкае памяшканне пад нешта было нерэальна. Або праводзілі дзесьці ў прыватнай кватэры ці проста не ўзгаднялі. Калі ўлёткі раздавалі, мы таксама нікому не казалі. Рэктара, дэканы ўжо тады ведалі, што за гэта прыляціць і спрабавалі нам перашкаджаць, выклікалі міліцыю часам».
Налепкі на палітычную тэму канца 1990-х
Пік актыўнасці Грамадзянскага форуму ў Гомелі прыйшоўся на 2001 год. На гэты год палітыкі ўскладалі вялікія спадзяванні.
Сяргей: «У 2001 годзе колькасць людзей, якія ўдзельнічалі ў палітычных мерапрыемствах узрасла, напэўна, у 10–20 разоў. Ад палітыкаў, кіраўніцтва БНФ, АГП быў такі пасыл, што ў 2001 годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары, мы зробім вялікі супраціў, усеагульны страйк і скінем Лукашэнку. Калі гэта ўсё не апраўдалася, калі людзі проста праігнаравалі выбары, то, адпаведна, настрой і сярод актывістаў упаў».
Алесь: «У 1997-98 гадах мы правялі шмат палітычных мерапрыемстваў пад брэндам Гомельскага аддзялення Грамадзянскага форуму. Маладыя людзі ўспрымалі вельмі добра, але на кантактныя тэлефоны амаль не адгукаліся. Таму вырашыў на час спыніць адкрытую палітычную дзейнасць і кінуў усе сілы на асветніцкія акцыі, пакуль гэта дазвалялася рабіць у школах, ліцэях, ВНУ».
Гарт
Алесь: «Мы заснавалі Гарт дзесьці ў лістападзе 1997 года, і тады я прыдумаў назву. У 1997 ці 1996 годзе выйшла кніга «Гарт. З успамінаў Саюза беларускіх патрыётаў» Я тады шукаў назву для арганізацыі, якую хацеў зарэгістраваць, і думаў, што сам Бог падказвае нам, якую назву ўзяць».
Сяргей: «Нейкі час Грамадзянскі форум і Гарт працавалі паралельна. І актыў быў той жа самы. Але ад Грамадзянскага форуму мы рабілі палітычныя мерапрыемствы, а ад Гарта рабілі мерапрыемствы па культуры і вузканакіраваныя».
Дзейнасць Гарта была сканцэнтравана на культуры, распаўсюдзе беларускай мовы, а таксама падтрымцы іншых моладзевых НДА. Прычым гэты рух быў выключна Гомельскі і незалежны ад палітычных партый.
Сяргей: «Гарт займаўся рознымі напрамкамі. Мы прывозілі розных цікавых беларускіх дзеячаў, кшталту Змітра Бартосіка, Уладзіміра Арлова, Віктара Шалкевіча, Генадзь Агановіч, то бок барды, пісьменнікі, гісторыкі. Дапамагалі іншым ініцыятывам, навучалі іх, паказвалі ім, што такое грамадская арганізацыя, распавядалі, як яны працуюць, дапамагалі ўстаць на ногі і неяк пачаць сваю грамадскую дзейнасць».
Адзін з канцэртаў, арганизаваны Гартам
Алесь: «Пра палітыку гаворкі не было, каб не падстаўляць некаторых настаўнікаў. Але Гарт, гэта была наша спроба паспець зрабіць тое, чым калісьці філаматы, філарэты займаліся. І пабудавалі арганізацыю, заснаваную на такім прынцыпе, як масонская ложа або КДБ. Ты не мог прыйсці у Гарт і сказаць «Я хачу». Паўнапраўных чальцоў Гарта было менш за 20 чалавек. Але многія называлі сябе чальцамi Гарта. Я прачытаў кнігу пра тое, як дзейнічалі ў царскія часы нашы беларускія адраджэнцы ў 19 стагоддзі. Была вузкая арганізацыя, для кагосьці з боку былі нейкія ініцыятывы, таму што трэба было правяраць тых, каму ты распавядаеш тую ці іншую інфармацыю».
Мерапрыемствы ў школах тады яшчэ можна было праводзіць без узгаднення з гарадской адміністрацыяй.
Сяргей: «У нас проста былі кантакты з настаўнікамі, якія самі дамаўляліся ў школе, што мы правядзем канцэрт ці выступ нейкага пісьменніка. Часам гэта былі кантакты ў адміністрацыі, завуч або дырэктар».
У 2001 годзе Гарта праводзіў акцыі, узгодненыя з уладамі.
Сяргей: «Мы проста хацелі, каб маладыя людзі ўдзельнічалі ў выбарах і пад гэта зрабілі агітацыйную кампанію «Выбіраеш ты», яна была агульнарэспубліканскай. Каля гасцініцы «Турыст» быў бетонны плот, тут збіралася мясцовая моладзь з розных тусовак і малявалі нешта пад гэтую кампанію. Тады гэта яшчэ была афіцыйная акцыя. Мы гэта прыгожа размалявалі, а пасля ўлады сказалі, што гэта яны ўсё арганізавалі».
У рамках той кампаніі Гарта ў адным з мерапрыемстваў прымаў удзел вядомы гомельскі рэпер Сярога.
Сяргей: «У 2001 годзе Гарт правёў фестываль хіп-хопа. Сярога ў ім удзельнічаў. Там былі і іншыя людзі, якія пазней далучыліся да БРСМ і адміністрацыі Гомеля. Адзін чалавек дакладна».
Сяргей патлумачыў, што гаворка ідзе пра рэп-гурт «Гарадская таска» і яго вакаліста Аляксандра Госцева, які пасля зрабіў кар'еру ў дзяржарганізацыях.
Алесь: «Сярога тады яшчэ не быў аўтарам «Бумера». Яго ведалі толькі ў вузкіх гомельскіх калямузычных колах. Сказаць, што ён зрабіў гэта таму, што не любіў Лукашэнку? Не. Я чуў, што ён зрабіў гэта зусім з іншай матывацыяй.
Пік актыўнасці Гарта прыйшоўся на 2001 год, у той год у краіне праводзіліся другія прэзідэнцкія выбары.
Сяргей: «Мы знайшлі вельмі шмат маладых людзей, якія да гэтага нідзе не былі заангажаваныя. Яны і графіці займаліся і нейкія ўлёткі дапамагалі распаўсюджваць. КДБ стала намі цікавіцца. У нас была кватэра на Старым аэрадроме, наш офіс. Гэта была проста кватэра на першым паверсе пяціпавярхоўкі. І вось туды прыйшоў КДБ і зрабіў ператрус. Пасля мяне і яшчэ пару чалавек адвезлі ў КДБ. Там быў допыт, пасля нас адпусцілі, але забралі ўсю тэхніку, кампутары».
Непасрэднай прычынай ператрусу з боку КДБ паслужылі графіці на сценах Гомельскага драмтэатра.
Сяргей: «Нейкія хлопцы, пры чым мы не давалі ім каманды, узялі ў нас балончыкі з фарбай і на драмтэатры нешта намалявалі палітычнае. Лозунг там быў такі непрыгожы, наколькі я памятаю. КДБ гэта вельмі не спадабалася. Я думаю, што гэта стала трыгерам зрабіць у нас ператрус, забраць у нас тэхніку. Потым быў суд і нам далі нейкія штрафы. Мне як старшыні Гарта далі штраф. Вялікія грошы па тых часах. Каля 1000 даляраў ці нешта такое. Але тэхніку аддалі».
Пасля гэтага быў судовы працэс, па выніках якога Гарт пазбавілі рэгістрацыі.
Алесь: «Потым з'явіўся крымінальны артыкул за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У 2006 годзе была праверка пракуратуры, якая намякнула нам, што перасадзяць ўвесь актыў. Я не хацеў іх падстаўляць і сказаў: «Гарт закрываем».
Лімон
Яшчэ адной выключна Гомельскай ініцыятывай была кампанія пад назвай Лімон. Для яе рэалізацыі Алесь Карніенка сабраў разам ідэі польскай «Памаранчавай альтэрнатывы» і іншых падобных кампаній.
Алесь: «Я ў нейкі момант зразумеў, што ў такім асяроддзі, калі 70-80% У Гомелі Лукашэнку ў нейкі час моцна любілі, у такім асяроддзі дзейнічаць можна толькі, даводзячы гэта ўсё да абсурду. Мы заснавалі моладзевы рух у падтрымку Рыгоравіча. Сплёў у адну тэорыю з жоўтым колерам. Лімон, «салодка не будзе», лозунг «Мы не БРСМ». Распісвалі ўлёткі ў стылі лістоў шчасця. Я пісаў тэксты на жоўтай паперы».
Алесь Карніенка з партрэтам Лукашэнка у Менску
Такі фармат правядзення акцый забяспечваў бяспеку іх удзельнікам, а таксама дазваляў прымаць удзел у афіцыйных мерапрыествах
Алесь: «У тыя часы ўжо саджалі за пікеты, саджалі за незарэгістраваныя, недазволеныя пікеты, любыя масавыя акцыі. А ў Гомелі атрымаць дазвол практычна немагчыма было на нейкую масавую акцыю. Таму я прыдумляў пастаянна актыўнасці, якія дазвалялі выходзіць на сотні ці тысячы людзей і пры гэтым удзельнікі маглі сябе адчуваць досыць бяспечна. Калі мы выходзілі з партрэтамі Лукашэнкі і казалі «Хацiце валшэбны партрэт?» То зразумела, што міліцыянты не будуць хапаць пад фотакамерамі людзей, якія раздаюць партрэты Лукашэнкі».
Алесь сцвярджае, што калі б у той час у беларускай апазіцыі было столькі фінансаў, як ва ўкраінскай, то першая аранжавая рэвалюцыя магла адбыцца ў Беларусі:
«Я першы прыдумаў гэтую фішку з колерам пагуляцца. Iдэя была такая, што калі знойдзем столькі рэсурсаў, каб рабіць мільёны ўлётак, налепак, нейкіх маек сотні-тысячы з лэйблам «Лімон». Каб гэты жоўты колер пачаў успрымацца, як колер рэвалюцыі, як колер сцёбу над дыктатурай. Такая была задумка. І гэта было бяспечна».