«Даказалі, што горад не быў прарасейскім». Як зладзілі адзіную сустрэчу з Быкавым у Гомелі, распавёў яе арганізатар

| Гісторыя | 1

Да 100-годдзя з дня нараджэння слыннага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, якое адзначаецца 19 чэрвеня, Флагшток распавядае пра першы і адзіны візіт пісьменніка на Гомельшчыну, які адбыўся ў канцы 1994 года.



Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў на сустрэчы ў Гомелі. Фота: Сямён Хейфец


Арганізацыяй прыезду ў рэгіён легендарнага літаратара займаўся тады малады хлопец Алесь Карніенка, які быў на той час старшынёй гомельскай гарадской структуры партыі Беларускі народны фронт (БНФ). Ён узгадаў, як праходзіла арганізацыя візіту, і падзяліўся дэталямі, якія характарызуюць той час, у інтэрв'ю Флагштоку.



Тэлевядоўца Алесь Карніенка. Фота са старонкі ў Facebook


«Не трэба было ні грошы плаціць, нічога»

На сустрэчу з жыхарамі Гомельшчыны тады прыехалі адразу тры знакавыя фігуры: разам з Васілём Быкавым рэгіён наведалі паэт Рыгор Барадулін і лідар БНФ Зянон Пазьняк.

«Мяне абралі, амаль самага маладога ў гомельскім БНФ, старшынёй гомельскай гарадской арганізацыі. І я паспеў перад тым, як мяне забралі ў войска праз некалькі месяцаў, арганізаваць самы шыкоўны, напэўна, самы масавы візіт Пазьняка, Быкава і Барадуліна ў Гомель», — гаворыць Алесь.


Васіль Быкаў на сустрэчы ў Гомелі. Фота: Сямён Хейфец


У сувязі з арганізацыяй гэтага візіту ён ездзіў па розных гарадах Гомельшчыны і сустракаўся з кіраўнікамі мясцовай улады:

«Даволі лёгка з чыноўнікамі самага вышэйшага ўзроўню можна было сустрэцца, хаця ні пасведчання пры мне не было, і хлопчык 22-гадовы без вусоў і барады прыходзіць і кажа: «Я шэф гомельскага БНФ». Я б не паверыў, калі б быў старшынёй райвыканкама якога-небудзь. А яны мне: калі ласка, калі вам трэба залю прадаставіць? Вось і ўсё, не трэба было ні грошы плаціць, нічога. Адным званочкам».


Зала АКЦ падчас сустрэчы. Фота: Сямён Хейфец


«Мясцовыя чыноўнікі лічылі Лукашэнку часовым непаразуменнем»

Гэта быў ужо той час, калі нядаўна абраны прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка ездзіў па рэгіёнах, каб усталёўваць сваю «вертыкаль». Паводле назіранняў Карніенкі, мясцовыя ўлады ставіліся да гэтага са скептыцызмам:

«Чыноўнікі, наколькі я зразумеў (наўпрост яны мне гэтага, канешне, не казалі), лічылі Аляксандра Рыгоравіча нейкім часовым непаразуменнем. Народ трошачку ачмурэў і прагаласаваў за гэта нешта, што не можа ўзначальваць краіну, не можа быць нашым прэзідэнтам, і што будучыня за такімі сіламі як Беларускі народны фронт, за дэмакратычнай апазіцыяй, і што годзік-два — і гэтага непаразумення не будзе, а будзе нармальная еўрапейская дзяржава. І нягледзячы на тое, што многія з іх не нарадзіліся ў Беларусі, яны гатовы былі будаваць дэмакратычную незалежную Беларусь».


Рыгор Барадулін, Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў на сустрэчы ў Гомелі. Фота: Сямён Хейфец


«Людзі сотнямі запісваліся ў БНФ»

Візіт знакавых асобаў малады лідар мясцовай арганізацыі БНФ вырашыў арганізаваць, каб даказаць Менску, што Гомель — не прарасейскі горад. Аднак сама арганізацыя, паводле Карніенкі, на той час перажывала крызіс:

«Наша арганізацыя БНФ, якая самая масавая была на той момант у Гомелі, на вачах развальвалася. І летам, калі трэба было арганізоўваць масавыя сустрэчы з Пазьняком, іншымі лідарамі апазіцыі — гэтага нічога не адбывалася. Рабілася гэта абы-як, і ў нас лёгкі пераварот адбыўся. Я ўсіх падбухторваў узначаліць БНФ, а ніхто не хацеў, і ў выніку пхнулі мяне старэйшыя таварышы».



На сустрэчы з літаратарамі ў Гомелі людзі масава запісваліся ў БНФ. Фота: Сямён Хейфец


Як адзначае Алесь, даносіліся плёткі, што ў Менску ў штабе БНФ лічылі Гомель прарасейскім горадам:

«Маўляў, не з-за таго, што кепска арганізаваны сустрэчы, а таму, што ў нас такі прарасейскі горад, не прыходзяць людзі на Пазьняка. А я ім сказаў: дакажу вам адваротнае, што гэта зусім не так. Папрасіў: дайце мне два-тры месяцы на грунтоўную падрыхтоўку. Вызначаем дату, ні на дзень нікуды не пераносім, я еду, дамаўляюся з рознымі аўдыторыямі».

Паводле Алеся, сустрэча прайшла шыкоўна:

«Я прасіў, каб прыехалі Барадулін і Быкаў, а Пазьняк захацеў прыехаць з імі — і добра зрабіў, бо выйшла не горш, а можа і лепш. І атрымалася, што больш Пазьняка ў Гомель ужо ніхто не пусціў, ніхто яму такое не здолеў арганізаваць».

Карніенка ўзгадвае, як Быкаў казаў яму, што ўпершыню наведаў Гомель у якасці пісьменніка — раней ён быў у горадзе, але яшчэ як настаўнік прыязджаў на педагагічнае мерапрыемства.

«Канешне, усе былі пад уражаннем: Барадулін, Быкаў, Пазьняк... Таму што раптам яны пабачылі тысячы людзей, якія ў розных месцах хочуць іх пабачыць», — кажа Алесь.

У гомельскім грамадска-культурным цэнтры на Ланге, дзе праходзіла сустрэча, быў поўны аншлаг:

«Там увогуле змяшчаецца тысяча чалавек у залі, але і ва ўсіх праходах людзі стаялі, яшчэ і ў фае чалавек трыста стаяла».

Удзельнікі сустрэчы ў Гомелі тады масава запісваліся ў БНФ — паступілі сотні новых заяў:

«Калі я прыняў гомельскую арганізацыю БНФ з колькасцю 150 асобаў, то перадаў з некалькімі сотнямі заяваў на ўступ».



На сустрэчы з літаратарамі ў Гомелі людзі масава запісваліся ў БНФ. Фота: Сямён Хейфец


Аднак Алесь не думаў, што гэта быў апошні візіт Пазьняка ў Гомель, самы масавы, першы і апошні візіт Быкава.

Пакiнуць каментар
captcha

Яўген Мурашка

26.08.2024

Але ужо у 1999 г у БНФ, ад гэтай гэтй колькасьці засталося амаль што нічога. Той жа пан Пазьняк (праз У.Старчанку, які кіраваў БНФ у той час) паклапаціўся аб гэтым

Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.